Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Мядзельска-смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле, антысавецкія арганізацыі ў Мядзеле і Смаргоні, якія існавалі ў 1947-1950. Разгромленыя МГБ.

Значныя групы насельніцтва Заходняй Беларусі ўспрынялі маскоўскі камуністычны рэжым, што ўсталяваўся тут у самым канцы другой сусьветнай вайны, як акупацыйны, які прыйшоў на зьмену акупацыі нямецка-фашыстоўскай. На гэта былі свае прычыны. Край запаланілі войскі МГБ і прысланыя з усходу чыноўнікі. Сялянаў і рамесьнікаў душылі падаткамі, рознымі паборамі і пазыкамі. За спробы пратэсту саджалі ў турмы. Ішоў татальны наступ на царкву і касьцёл, на беларускую мову і культуру, нішчыліся правы нацыянальных меншасьцяў. У 1948-1949 распачалося масавае і прымусовае стварэньне калгасаў, якое суправаджалася «раскулачваньнем» і высылкай у Сібір і Казахстан найбольш працавітых і прадпрымальных земляробаў. У гэты ж час у міжнародных дачыненьнях разгарэлася «халодная вайна», справакаваная найперш савецкай блякадай Заходняга Бэрліну (1948-1949). У часткі грамадзтва былі пашыраныя чаканьні блізкай вайны, у якой, як спадзяваліся, савецкая імпэрыя будзе разгромлена. Усё гэта разам узятае абвастрала палітычную сытуацыю ў краі, выклікала новы ўздым як узброенага супраціву «лясных братоў», так і падпольнага антыкамуністычнага руху. Са свайго боку рэжым узмацняў рэпрэсіі, найхарактэрнейшым прыкладам чаго стала аднова пакараньня сьмерцю, часова скасаваная адразу ж па заканчэньні вайны.

У Мядзельскай сярэдняй школе гурток антыкамуністычна настроенай моладзі пачаў стварацца ў 1947, як толькі тут зьявіўся новы вучань Расьціслаў Лапіцкі. Менавіта Р.Лапіцкі, як перакананы беларускі нацыяналіст і антыкамуніст, з пэўным досьведам падпольнай працы, стаў ідэолягам і пачынальнікам мядзельскай падпольнай арганізацыі. Акрамя Лапіцкага актыўнасьцю ў гуртку вылучаліся мясцовыя вучні Факунда Несьцяровіч і Юзаф Качэрга. Усяго ж такіх аднадумцаў набралася да дзясятка хлопцаў і дзяўчат ды і маладых мужчын з навакольных вёсак Юшкавічы, Пруднікі, Качэргі, Навасёлкі, Мікасецак, зь мястэчка Кабыльнікі. Пераважна гэта былі вучні. Некаторыя зь іх яшчэ маглі памятаць пра мядзельскую антыкамуністычную падпольную арганізацыю 1940-га (некаторыя яе ўдзельнікі - Афрановіч, Пашкевіч, Рагіня - былі забітыя разам зь іншымі палітзьняволенымі каля Касуты на Вяльлі, калі ў чэрвені 1941 энкавэдысты эвакуявалі вязьняў Вялейскай турмы).

Падпольшчыкі ладзілі свае сустрэчы ў Мядзеле, дзе зімовым часам кватаравалі Несьцяровіч і іншыя вучні, часта сустракаліся і ў недалёкім Мікасецку, дзе жыў Лапіцкі. Дзейнасьць мядзельскай арганізацыі пераважна абмяжоўвалася вуснай антыкамуністычнай прапагандай. Р.Лапіцкі змайстраваў прыймач, з дапамогай якога яны атрымлівалі зьвесткі заходніх радыёстанцый аб міжнародным становішчы, якія пашыралі сярод аднаклясьнікаў і мясцовых сялян. Адначасова на пішучай машынцы, якую меў Ю.Качэрга, друкавалі ўлёткі і распаўсюджвалі іх па навакольных вёсках. Магчыма, падпольшчыкі плянавалі і больш актыўныя дзеяньні, бо ў некаторых зь іх пры ператрусах знайшлі агнястрэльную зброю і выбуховыя матэрыялы. У пасьляваеннай Беларусі ўсё гэта здабыць было няцяжка.

Ратуючыся ад голаду і нястач восеньню 1949 Расьціслаў Лапіцкі з маці перабіраецца ў Смаргонь. Пайшоўшы вучыцца ў 10-ай клясе мясцовай школы, ён і тут пачынае актыўную працу па стварэньні падпольнай антыкамуністычнай арганізацыі. Для гэтага ў горадзе і ў навакольных вёсках існавала неабходная абстаноўка пасыўнага і актыўнага супраціву, ажно да лясной партызанкі ўключна. Падобная традыцыя захоўвалася і ў самой смаргонскай школе, у якой у 1944-1945 дзейнічала Смаргонская антыкамуністычная група школьнікаў пад кіраўніцтвам Рычарда Юшкевіча.

Да падпольнага руху далучылася каля паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 клясаў, якія паходзілі з Смаргоні і вёсак раёну, і некаторыя жыхары сталага ўзросту. На школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Лапіцкі падзарабляў граньнем на піяніне, вялася антыкамуністычная агітацыя. Самі ж падпольшчыкі найчасьцей зьбіраліся ў хаце Цыбоўскіх або Юшкевічаў, дзеці якіх былі актыўнымі ўдзельнікамі арганізацыі. Р.Лапіцкі здолеў вынесьці з гарадзкога клюбу пішучую машынкуі запас капіявальнай паперы. Гэта дазволіла арганізаваць і друкаваную прапаганду.

Найбольшай актыўнасьці дзейнасьць смаргонскай падпольнай арганізацыі дасягнула на пачатку сьнежня 1949. Напярэдадні дня «сталінскай канстытуцыі» было падрыхтавана мноства ўлётак, якія ноччу расклейваліся на слупох, сьценах дамоў і агароджах, нават на будынках райкаму партыі і міліцыі. Як сьведчыць адна з колішніх арганізатарак смаргонскага камсамолу, «они засыпали город листовками». Ува ўлётках насельніцтва заклікалася не плаціць падаткаў, не ўступаць у калгасы, арганізоўваць супраціў рэжыму. Кожная ўлётка заканчвалася словамі: «Сьмерць Сталіну!» Акрамя таго, падпольшчыкі рыхтаваліся ўзарваць будынак раённай друкарні.

Сярод мясцовага начальства ўсчаўся пярэпалах. У горадзе зьявілася шмат супрацоўнікаў МГБ, вайскоўцаў. Пачаліся сачэньні і росшукі ўдзельнікаў акцыі. Высачыць падпольшчыкаў было даволі лёгка. Зусім маладыя, сярод іх былі непаўналетнія, яны не валодалі сакрэтамі кансьпірацыі. І хоць стараліся пры чужых не размаўляць пра палітыку (асьцерагаліся стукачоў), у школе шмат хто здагадваўся пра існаваньне арганізацыі. Ды і сам Р.Лапіцкі пастаянна ўступаў у палітычныя спрэчкі зь некаторымі настаўнікамі, задзіраўся з камсамольцамі. Аднойчы на ўроку дэманстрацыйна адмовіўся пісаць сачыненьне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх маецца свая «Маладая гвардыя», толькі яна за Беларусь. Дарэчы, гэта заява Лапіцкага і паслужыла асновай пазьнейшага памылковага меркаваньня, быццам смаргонская арганізацыя так і называлася.

У лістападзе быў арыштаваны Расьціслаў Лапіцкі. Карныя органы, не дабіўшыся ад юнака прызнаньня, часова выпусьцілі яго на волю. Па рашэньні арганізацыі яе кіраўнік павінен быў перайсьці на нелегальнае становішча і пакінуць Смаргонь. І Лапіцкі таемна перабіраецца на Мядзельшчыну.

У ноч з 01 на 02.02.1950 у хаце Цыбоўскіх энкавэдыстамі была зроблена засада. Затрымлівалі ўсіх, хто прыходзіў, тут была арыштавана і частка падпольшчыкаў. У лютым-сакавіку 1950 арыштаваных набралася больш паўтара дзясятка, у тым ліку і зь Мядзельшчыны. Сябра мядзельскай арганізацыі Генадзь Нафрановіч зь Юшкавічаў пры спробе затрыманьня застрэліўся.

Юнакоў і дзяўчат трымалі ў сутарэньнях Маладэчанскай і Вялейскай турмаў. Лютавалі сьледчыя на допытах неміласэрна, асабліва катаваў нейкі Пахомаў. Як сьведчыў потым Ч.Цыбоўскі, голкі пад пазногці было ня самым страшным. Хлопцам выбівалі зубы і ламалі рэбры, садзілі на ножкі табурэткі, трымалі пад кроплямі халоднай вады да страты прытомнасьці і мяжы вар'яцтва, рабілі іншыя самыя дзікунскія вычварэнствы. Дзяўчат мучылі менш, але і ім хапіла спаўна. Т.Юшкевіч успамінае таго ж Пахомава: «Очень злой и коварный человек, деспот, он требовал сказать то, чего не было, угрожал карцером и электрическим стулом».

17-20.07.1950 у Маладэчне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Большасьць падсудных трымалася мужна. Асабліва нязломным быў Расьціслаў Лапіцкі, яго заключнае слова было абвінавачаньнем камуністычнага рэжыму. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Судом ваеннага трыбуналу былі асуджаныя:
Лапіцкі Расьціслаў, кіраўнік мядзельска-смаргонскай арганізацыі - пакараньне сьмерцю;
Ахрамовіч Зянон (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Ахрамовіч (бацька Зянона, селянін з-пад Смаргоні) - 25? гадоў;
Ахрамовіч Ганна (маці Зянона, сялянка з-пад Смаргоні) - 25? гадоў;
Ашукоўская Часлава (Смаргонская школа) - 8 гадоў;
Барташэвіч Марыя (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Блізьнюк Восіп (Смаргонскі р-н) 25 гадоў;
Іваноўскі Канстанцін (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Карней Анатоль (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Качэрга Юзаф (Мядзельская школа) - 25 гадоў;
Лапыцька Софія (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Несьцяровіч Факунда (Менскі палітэхнікум) - расстрэл, заменены на 25 гадоў зьняволеньня;
Пашкевіч Зьбігнеў (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Сташкевіч Эдуард (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Хацілоўскі Тадэвуш (Смаргонь) - 25 гацоў;
Цыбоўская Леакадзія (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Цыбоўскі Часлаў (Смаргонская школа) - расстрэл, заменены на 25 гадоў зьняволеньня;
Юшкевіч Тамара (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Юшкевіч Тацяна (Смаргонская школа) - 10 гадоў.

У кіпцюры МГБ трапілі ня ўсе ўдзельнікі падпольнага руху. Некаторых удалося схаваць. Тым больш, што ніякіх сьпісаў арганізацыі карным органам знайсьці не ўдалося. Ды яны, мабыць, зь меркаваньняў кансьпірацыі, і невяліся.

Сваё пакараньне асуджаныя адбывалі ў канцлягерох Сібіру і Казахстану, на лесапавале, будаўнічых работах, у шахтах і на рудніках. Пасьля сьмерці Сталіна яны ў сярэдзіне 50-х былі вызваленыя. Па вяртаньні з канцлягероў хто застаўся на Бацькаўшчыне, хто выехаў у Польшчу, Летуву, Украіну. Катаваньні і зьнясільваючая праца ў зьняволеньні пакінулі цяжкі сьлед - шмат хто зь іх ужо не жыве.

Удзельнікі мядзельска-смаргонскага падпольля былі глыбока веруючымі каталікамі і праваслаўнымі, большасьць іх мела выразную нацыянальную сьвядомасьць - беларускую або польскую, але ўсіх іх яднала і натхняла ідэя змаганьня з новым акупацыйным рэжымам, які на гэты раз прыйшоў не з Бэрліну, а з Масквы.

Літ.: 1. Чарняўскі М. Расціслаў Лапіцкі - з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997, № 1; 2. Ён жа. Да гісторыі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Менск, 27-28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі

Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956). Даведнік   Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2022