Мнаганожка звычайная (Polypodium vulgare L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Мнаганожкавыя (Polypodiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны горна-лясны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая папараць вышынёй 20-40 см з доўгім, паўзучым, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі, на смак занадта салодкім карэнішчам. Лісце трохвугольна-ланцэтнае, перыста-раздзельнае, на доўгіх чаранках, размешчана 2 радамі на верхнім баку карэнішча. Сегменты іх суцэльна-крайнія або гародчатыя па краі. Сорусы голыя, акруглыя або эліптычныя, без індузіеў, фармуюцца на ніжнім баку сегментаў. Паліморфны від, у Беларусі знойдзены разнавіднасці: var. commune з акруглымі канцамі ліставых долей, var. rotundatum з моцна закругленымі канцамі ліставых долей і var. attenuatum з завостранымі канцамі і зубчастымі краямі верхніх ліставых долей. Пазначаныя разнавіднасці адносяцца да тыповага падвіду subsp. vulgare, але з'яўляюцца, відаць, асаблівымі геаграфічнымі расамі.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія (паўночныя, заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія), Паўночная Амерыка [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Вядомы месцы росту ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Гомельскім, Гарадзенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Мазырскім, Мастоўскім, Мядзельскім, Пружанскім і Свіслацкім раёнах [4, 5]. Раней адзначалася ў наваколлі Магілева і Менска [6].
Месцы росту. Мінеральныя грунтавыя агаленні на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр; радзей пні, каранёвыя лапы, паваленыя ствалы дрэў і замшэлыя валуны ў мяшаных, сасновых, саснова-яловых і шыракалістых (грабавых, грабава-чорнаальховых і дубова-грабавых) лясах і зараснікі хмызняку.
Характар росту. Расце невялікімі, радзей даволі значнымі, групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, ландшафтных заказніках «Блакітныя азёры», «Азёры», «Мазырскія яры».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, якія не ахоўваюцца, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Николаев, Зефиров, 1971; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Пачоский, 1900; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць