Сальвінія плывучая (Salvinia natans (L.) All., 1785)
Парадак Сальвініі (Salviniales), сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Трапагенна-барэальны эўразійскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна. Корм для вадаплаўных птушак і звяроў.
Кароткае апісанне. Аднагадовая водная свабоднаплаваючая разнаспоравая папараць без каранёў, з ніткападобным, пакрытым мяккімі валаскамі сцяблом даўжынёй да 10 см. Лісце сабрана па 3 у кальчакі: два лісты супраціўныя, плывучыя, светла-зялёныя, эліпсападобныя, суцэльнакрайнія, з белаватымі паветранымі пузыркамі па ўсёй паверхні; трэці - падводны, бураваты, рассечаны на ніткападобныя долі, апушаны, нагадвае карані. Каля асновы падводнага ліста ўтвараюцца шарападобныя апушаныя спаракарпіі (сорусы) з мікра- і макраспарангіямі, пакрытыя тонкай скурыстай абалонкай [2-6].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (асобнымі галінкамі). Спелыя споры апускаюцца на дно і перазімоўваюць, вясной усплываюць і прарастаюць. Споры могуць пераносіцца вадаплаўнымі птушкамі далёка за межы паўночнага арэала, але сальвінія ўтрымліваецца там звычайна 1-2 вегетацыйныя перыяды. У паўночных раёнах нярэдка пераходзіць выключна на вегетацыйнае размнажэнне. Функцыі каранёў выконвае падводнае лісце.
Пашырэнне. Эўразія (заходнія, цэнтральныя і ўсходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Сярэдняя Азія, поўдзень Заходняй Сібіры, Далёкі Ўсход), поўнач Афрыкі, Паўночная Амерыка [2-5]. У Беларусі трапляецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў - Піны, Ясельды, Убарці, Лані, Случы і інш., даліне Дняпра (ніжэй вусця Бярэзіны) і на р. Мухавец у Берасцейскім раёне [1, 2, 6-12]. Раней траплялася ў Белавежскай пушчы (у даліне р. Грыўда), у наваколлях Горадні, Наваградка, Слоніма, Менска і Касцюковічаў [7, 14, 15], аднак гэтыя месцы росту не пацвярджаюцца.
Месцы росту. Высокаэўтрофныя стаячыя і павольна цякучыя воды поймавых і лясных азёр, старыц, рачных заток глыбінёй 30-70 см.
Характар росту. Расце звычайна невялікімі групамі, часам утварае значныя зараснікі: найбольш буйныя (1-3 га) у воз. Карасіна ў Прыпяцкім запаведніку і воз. Заазер'е ў Нараўлянскім раёне [10, 11].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў і вадацёкаў, змяненне іх гідрахімічных умоў і абмяленне ў выніку гідрамеліярацыйных работ і водазабору, выкарыстанне водаматорнага транспарту, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя (здабыча сапрапелю, лоўля рыбы сеткамі і інш.) нагрузкі, змяненне клімату і цеплазабеспячэння вадаёмаў, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [16, 17]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, біялагічным заказніку «Нізоўе Случы» і шэрагу батанічных мікразаказнікаў у Лунінецкім і Нараўлянскім раёнах.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных і рачных) заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, абмежаванне антрапагенных уздзеянняў, асабліва на ўчастку рэчышча і поймы Прыпяці ад Турава да Петрыкава, шырокае ўвядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 4. Флора СССР, т. 1, 1934; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Русаленка (асаб. павед.); 9. Кісялёў, Пікулік, 1973; 10. Кісялёў, Пікулік, 1974; 11. Модель, 1956; 12. Полянская, 1931; 13. Пачоский, 1897; 14. Пачоский, 1900; 15. Жданов, 1987; 16. Моисеева, 1967; 17. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць