Боцікі паўночныя (высокія) (Aconitum septentrionale Koelle, 1786 [Aconitum excelsum Reichenb.])
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобным лакалітэце за паўднёва-заходняй мяжой арэала [1, 2]. Лекавая, дэкаратыўная і ядавітая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым кароткім карэнішчам і рабрыстым, апушаным сцяблом вышынёй да 2 м. Лісце буйное, даўжынёй да 15 см і шырынёй 25 см, сэрцападобнае або ныркападобна-акруглае, 3-9-пальчаста-раздзельнае на шырокія, амаль рамбічныя буйна-зубчастыя долі, зверху амаль голае, знізу апушанае. Кветкі брудна- або шаравата-фіялетавыя, сабраны ў рыхлую, у ніжняй частцы галінастую, коласападобную гронку. Чашалісцікі афарбаваныя, пялёсткападобныя: верхні - высокі, канічна-цыліндрычны, шлемападобны. Пялёсткаў (нектарнікаў) - 2. Плод - сухая шматнасенная лістоўка [1, 3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [3, 4]. У Беларусі вядома месца росту ў наваколлі Віцебска [5-7]. Раней, як мяркуецца, адзначаўся для наваколля Копыся, Рагачова і Гомеля [8].
Месцы росту. Цяністыя ярыстыя берагі рэк, сярод зараснікаў вольхі шэрай, на рыхлай глебе.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя батанічнага заказніка ў наваколлі Віцебска, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 3, 1976; 2. Atlas Florae Europaeae, vol. 8, 1989; 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Флора СССР, т. 7, 1937; 5. Сюборова, Скуратович, Мержвинский и др., 1991; 6. Даныя гербарыя Віцебскага педінстытута імя Кірава; 7. Шымко (асаб. павед.); 8. Чоколовский, 1882.

Дз.Траццякоў

Паведаміць пра недакладнасьць