Чарнакорань голы (Scorzonera glabra Rupr., 1845 [S. ruprechtiana Lipsch. et Krasch. ex Lipsch.])
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы барэальны горна-таежны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце на значным аддаленні ад паўднёвай мяжы паўночна-эўрапейскага раўнінна-таежнага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пустым баразнаватым, пад кошыкамі крыху ўздутым голым сцяблом вышынёй 25-50 см і вельмі доўгім (да 2 м і больш) тоўстым маршчыністым сцеблакоранем (каўдэксам), каранёвая шыйка якога апранута шматлікімі шчацінкападобнымі валакністымі рэшткамі чаранкоў леташняга лісця. Лісце голае шызаватае або зялёнае (рэдка), ад ланцэтнага да шырокаланцэтнага, па краях роўнае або слабахвалістае, на крылатых чаранках, у прыкаранёвай разетцы. Сцябловае лісце (2-3) дробнае, лускападобнае. Язычковыя кветкі жоўтыя, сабраны ў адзіночныя кошыкі на канцах сцябла. Абгортка чарапіцавая, голая з шырока-яйкападобнымі і прадаўгаватымі лісцікамі, па краі з плеўкавай каймой. Плод - сямянка з чубком.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Поўнач Эўропы, Урал, Заходняя Сібір. Лічыцца высакагорным уральскім эндэмікам [3]. У Беларусі вядомы ў Мядзельскім раёне [4].
Месцы росту. Эрадзіраваныя схілы з пясчана-галечнікавымі агаленнямі ў катлавінах азёр і далінах рэк.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі на вельмі абмежаванай плошчы; мясцовая папуляцыя налічвае некалькі дзесяткаў добра развітых, квітучых і пладаносных асобін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зарастанне схілавых участкаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, вырыванне раслін).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Прадухіленне зарастання месцаў росту, памяншэнне рэкрэацыйных нагрузак, кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, штучнае рассяленне і ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Липшиц, 1964; 3. Горчаковский, Шурова, 1982; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць