Ятрышнік мужчынскі (Orchis mascula L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі на ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 25-30 (48) см і 2 авальнымі каранёвымі клубнямі дыяметрам каля 1,5 см. Лісце (5-8) шырокаланцэтнае, даўжынёй 7-12 см, чаранкі з пурпурова-фіялетавымі плямкамі. Суквецце верхавінкавае (даўжыня 10-20 см), шматкветкавае (15-50 кветак). Кветкі светла-пурпуровыя, фіялетавыя, ружавата-пурпуровыя або бледна-фіялетавыя. Сярэдняя лопасць губы ўсечаная, з тупымі зубчыкамі, пры аснове белаватая з цёмна-пурпурнымі плямкамі. Шпорка даўжынёй 10-15 мм, ліловая, на канцы булавападобна расшыраецца [2]. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне ў асноўным насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран [2]. У Беларусі адзначаны ў Віцебскім - наваколле в. Малыя Лётцы [3], Дубровенскім - паблізу пас. Асінторф [1], Мядзельскім - наваколлі вёсак Некасецк, Навасёлкі, Юшкавічы, Студзяніцы [4, 5] раёнах. У пачатку 20 ст. адзначаўся ў Магілеўскай губерні і ваколіцах Слуцка [6].
Месцы росту. Сырыя лугі, хмызнякі, лясныя паляны, ускрайкі нізінных і пераходных балот, пераважна на багатых карбанатамі глебах [7].
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі або невялікімі (рэдка даволі шматлікімі) групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, узворванне лугоў, выпас жывёлы, касьба, прымяненне ядахімікатаў і мінеральных угнаенняў, збор квітучых раслін.
Культываванне. Выпрабоўваўся ў ЦБС АН Беларусі і батанічным садзе БДУ. Цвіце толькі ў першыя гады.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Сюборова, Мержвинский, 1989; 4. Бибиков, 1984; 5. Бибиков, 1985; 6. Пачоский, 1901; 7. Лукс, 1977; 8. Моисеева, 1967.

Ю.Бібікаў

Паведаміць пра недакладнасьць