Пылкагалоўнік чырвоны (Cephalanthera rubra (L.) Rich., 1818)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Паўднёваэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным або амаль вертыкальным карэнішчам і простым прамым сцяблом вышынёй 25-60 см. Лісце прадаўгавата-ланцэтнае або ланцэтнае, завостранае, даўжынёй 5-12 і шырынёй 1-3 см, чаргаванае, па 5-8 на сцябле. Кветкі даволі буйныя, лілова-ружовыя, на кветаножках, сабраны ў рыхлае, коласападобнае суквецце. Губа белая з трохвугольнай завостранай верхняй лопасцю, прыкветнікі лінейна-ланцэтныя або ланцэтныя, роўныя ці злёгку даўжэйшыя за завязь. Плод - сухая вераценападобная каробачка з вельмі дробным насеннем. Сцябло, вось суквецця, кветаножка і завязь з дробным залозістым апушэннем [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае [5].
Пашырэнне. Эўразія [2, 3]. У Беларусі выяўлены ў Бярозаўскім, Барысаўскім, Ваўкавыскім, Ганцавіцкім, Дзяржынскім, Жыткавіцкім, Іванаўскім, Камянецкім, Клецкім, Камарынскім, Лельчыцкім, Лепельскім, Любанскім, Маларыцкім, Магілеўскім, Мядзельскім, Наваградскім, Петрыкаўскім, Пінскім, Пружанскім, Пухавіцкім, Рэчыцкім, Светлагорскім, Свіслацкім, Смалявіцкім, Хойніцкім, Чачэрскім, Чэрвеньскім і Чэрыкаўскім раёнах [6-8]. Раней адзначаўся таксама для Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, наваколляў Менска, Магілева, Бабруйска, Клецка, Наваградка і Нясвіжа [4, 9, 10].
Месцы росту. Шыракалістыя, хвойна-шыракалістыя і хвойна-драбналістыя, а таксама асінавыя, бярозавыя лясы, хмызнякі.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры або невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін, выкопванне карэнішчаў).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, у Чачэрскім і Чэрыкаўскім паляўнічых заказніках, у спецыялізаваных батанічных заказніках «Мохра» (Іванаўскі раён), «Вепрынскі» (Чэрыкаўскі раён), «Любячка» (Пухавіцкі раён), «Пекалінскі» (Смалявіцкі раён) і «Замкавы лес» (Ваўкавыскі раён). Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [11, 12]. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [13] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Флора БССР, т. 1, 1949; 5. Вахромеева и др., 1991; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Михайловская, 1935; 8. Николаева, Зефиров, 1971; 9. Пачоский, 1900; 10. Полянская, 1931; 11. Красная книга СССР, 1978; 12. Красная книга СССР, 1985; 13. Моисеева, 1967; 14. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец

Паведаміць пра недакладнасьць