Павойнік прамы (Clematis recta L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі лесастэпавы від, які ў Беларусі знаходзіцца на ізаляваных астраўных участках на паўночнай мяжы арэала [1]. Лекавая, дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна з прамым сцяблом вышынёй да 1,5 м. Лісце даўжынёй 15-20 см, шызавата-зялёнае, супраціўнае, з 2-4 адагнутымі адна ад другой парамі яйкападобных лісцікаў, якія знізу маюць вельмі выразныя жылкі. Кветкі шматлікія, дыяметрам да 2 см, белыя або жоўтыя, сабраны ў шчыткападобнае суквецце. Плод - шматарэшак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні; размнажаецца вегетатыўна і насеннем [2].
Пашырэнне. Паўднёвая і Цэнтральная Эўропа. Поўдзень лясной, лесастэпавай і стэпавай зон Усходняй Эўропы, Перадкаўказзе і Ўсходняе Закаўказзе [3]. У Беларусі трапляецца толькі ва ўсходняй частцы. Ёсць даныя аб месцах росту ў далінах Дняпра (Ворша, Копысь, Магілеў, Рагачоў, Лоеў), Друці, Прыпяці (Мазыр, Юравічы, Барбароў) і Сажа (Гайшын, Шапатовічы) [1, 4, 5].
Месцы росту. Парослыя хмызняком схілы рачных далін і яроў, узлескі светлых лясоў, драбналессе, сухія лугі ў далінах рэк [1, 4].
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі, зрэдку ўтварае папуляцыі з вялікай колькасцю раслін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, выпас жывёлы, знішчэнне раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [2] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту і выяўленне новых месцаў, перыядычны кантроль за станам папуляцый, вырошчванне ў культуры.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Кухарева, Пашина, 1986. 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981; 5. Каравосаў (асаб. павед.).

Л.Семярэнка

Паведаміць пра недакладнасьць