Зубніца клубняносная (Dentaria bulbifera L., 1753)
Парадак Каперсакветныя (Capparales), сямейства Крыжакветныя (Brassicaceae (Cruciferae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй да 50 см і непарнаперыстарассечаным лісцем на доўгіх чаранках з буйназубчастымі лісцікамі. У пазухах лісця і ў суквеццях звычайна размешчаны карычнева-фіялетавыя лёгка ападаючыя цыбулінкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі светла-бэзавыя, сабраны ў рыхлую гронку. Плод - сухі стручок [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (цыбулінкамі).
Пашырэнне. Заходняя і Ўсходняя Эўропа, Каўказ, Малая Азія, Іран. У Беларусі вядома больш за 30 месцаў росту, пераважна ў заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах.
Месцы росту. Расце ў ялова-грабавых дубравах, дубова-ясянёвых і яловых лясах кіслічнага і сніткавага тыпаў.
Характар росту. Трапляюцца невялікія, іншы раз значныя групы і асобныя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, змяненне рэжымаў асвятлення і ўвільгатнення месцаў росту.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [4] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, а таксама ў некаторых комплексных і спецыялізаваных батанічных заказніках.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора БССР, т. 2, 1949; 3. Кухарева, Пашина, 1986; 4. Моисеева, 1967; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская

Паведаміць пра недакладнасьць