Вадзяны арэх плывучы, або чылім (Trapa natans L.s.l., 1753)
Парадак Міртакветныя (Myrtales), сямейства Вадзянаарэхавыя (Trapacaeae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Трапагенна-барэальны панэўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Харчовая, кармавая і дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне [3].
Кароткае апісанне. Аднагадовая травяністая расліна з разеткай лісця дыяметрам 10-30 см, якая плавае на вадзе, і тонкім разгалінаваным падводным сцяблом даўжынёй 60-160 см, каля асновы з пучкамі доўгіх ніткападобных каранёў. Падводнае лісце рэдукаванае, супраціўнае, лінейнае, рана ападае; надводнае (15-20) - скурыстае, рамбічнае, няроўназубчастае, на доўгіх чаранках з пухіравата-ўздутымі поласцямі, якія ўтрымліваюць разетку лісця на вадзе. Кветкі адзіночныя, белыя, у пазухах надводнага лісця. Плод - цвёрдая арэхападобная касцянка з 4 або 2 рогападобнымі выступамі (адсюль народная назва расліны - «чортаў арэх»), на канцах якіх востразазубраныя калючкі (лёгка абламваюцца). На адной расліне да 10-15 пладоў [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Самаапыляльнік. Плады захоўваюць усходжасць да 50 гадоў. Для прарастання насення патрэбен перыяд спакою 4-6 месяцаў і прагрэў вадаёму не ніжэй 10-12 оС.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка [2-4]. У Беларусі асноўныя месцазнаходжанні сканцэнтраваны ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-ўсходняй частцы: у далінах Прыпяці (ад сярэдняга цячэння да вусця), Убарці, Дняпра, Бярэзіны, Сажа, Іпуці; у азёрах Ціёста, Азярок, Рамашкава, Аляксееўскае ў Гарадоцкім раёне, Сіньша ў Расонскім і Лазвінка ў Бешанковіцкім раёнах. Асобныя лакалітэты вядомы ў Бярэзінскім (р. Клявіца), Гомельскім (р. Сож), Жыткавіцкім (воз. Чэрвонае), Добрушскім (р. Іпуць), Смалявіцкім (вадасховішча на р. Пліса каля г. Жодзіна) раёнах [5-11]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні (Баброўшчына), былым Пінскім (воз. Пагосцкае) і Слонімскім паветах [12, 13].
Месцы росту. Прыбярэжныя зоны слабапраточных або стаячых эўтрофных вадаёмаў, часцей поймавыя азёры і старыцы, затокі рэк глыбінёй 50-200 см, на глеістым грунце ў вадзе, багатай жалезам.
Характар росту. Утварае шчыльныя зараснікі, часам расце невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Выкарыстанне ў якасці кармавой і харчовай расліны, гідрамеліярацыйныя работы, водапаніжэнне, забруджванне вадаёмаў, пашкоджанне зараснікаў рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і аматарамі-акварыумістамі [14].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г., спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [15-18]. Месцы росту ў азёрах Ціёста, Азярок, Рамашкава і Аляксееўскае ў Гарадоцкім раёне аб'яўлены помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння, ахоўваецца таксама ў батанічным заказніку «Старуха» ў Нараўлянскім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх вядомых месцазнаходжаннях, пошук новых месцаў росту, абмежаванне шырокага выкарыстання ў якасці харчовай і кармавой расліны, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 4. Флора СССР, т. 15, 1949; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Вынаеў (асаб. павед.); 7. Кісялёў, Пікулік, 1973; 8. Кісялёў, Пікулік, 1974; 9. Полянская, 1931; 10. Богдзель, Курловіч, 1977; 11. Флора БССР, т. 3, 1950; 12. Tiliber, 1782; 13. Пачоский, 1897; 14. Жданов, 1987; 15. Красная книга СССР, 1978; 16. Красная книга СССР, 1985; 17. Моисеева, 1967; 18. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць