Пустапялёснік зялёны (Coeloglossum viride (L.) C. Hartm., 1820)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цыркумпалярны, барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўднёвай мяжы арэала [1-3]. Меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пальчатараздзельнымі, падоўжнымі, на канцах шылападобна падоўжанымі клубнямі і прамым або злёгку сагнутым сцяблом вышынёй 15-35 см, укрытым пры аснове бураватымі похвамі. Лісце эліптычна-яйкападобнае або эліптычна-ланцэтнае, даўжынёй 3-10 см. Прыкветнікі лінейна-ланцэтныя. Кветкі жаўтавата-зялёныя (радзей чырванавата-карычневыя), сабраны ў коласападобнае суквецце даўжынёй 10-15 см. Лісцікі калякветніка сабраны накшталт шлема. Губа даўжэйшая за лісцікі калякветнікаў, на канцы зубчастая, адваротнаклінападобная, з кароткім мешкападобным шпорцам. Завязь сядзячая, скручаная. Плод - сухая каробачка [4-6].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне ў асноўным насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Пераважна паўночныя, паўночна-заходнія, заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход, Сярэдняя Азія [6]. У Беларусі знойдзены ў Асіповіцкім, Ашмянскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Докшыцкім, Крычаўскім, Лагойскім, Лепельскім, Менскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Полацкім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Смаргонскім і Шумілінскім раёнах [7, 8]. Раней адзначаўся ў Белавежскай пушчы, наваколлях Менска, Слуцка, Глуска, Мазыра, Лоева, у Магілеўскай губерні, а таксама на тэрыторыі Глыбоцкага, Наваградскага, Ашмянскага і Шаркоўшчынскага раёнаў [5, 9-11].
Месцы росту. Сырыя нізінныя і ўвільготненыя сухадольныя лугі, поймы невялікіх рэк і ручаёў, крыніцы і выпаты на схілах, тальвегі яроў.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, а таксама ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Попов, 1949; 2. Hulten, 1962; 3. Козловская, Парфенов, 1972; 4. Флора СССР, т. 4, 1935; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 7. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 8. Моисеева, 1980; 9. Пачоский, 1900; 10. Mowsczowicz, 1937; 11. Михайловская, 1953.

І.Швец

Паведаміць пра недакладнасьць