Ядрушка даўгарогая (Gymnadenia conopsea (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі барэальны плюрызанальны від [1], які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту ў межах асноўнай часткі арэала. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пальчаталопасцевымі клубнямі і прамым аблісцелым сцяблом вышынёй 25-45 см, пры аснове пакрытым бураватымі ліставымі похвамі. Лісце (3-5) вузкае, доўгае; ніжняе ланцэтнае, з башлыкападобнай верхавінкай. Кветкі дробныя, светла-пурпуровыя або лілова-пурпуровыя, з тонкай доўгай, сэрцападобнавыгнутай шпоркай і слабым пахам гваздзіка, сабраны ў густое, вузкае, цыліндрычнае коласападобнае суквецце. Губа ромбападобная, трохлопасцевая, сярэдняя лопасць даўжэйшая. Завязь сядзячая, цыліндрычная, скручаная. Плод - сухая каробачка [1-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход [4]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Бешанковіцкім, Бялыніцкім, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Горацкім, Ельскім, Іўеўскім, Лагойскім, Лепельскім, Менскім, Мсціслаўскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Пружанскім, Смалявіцкім, Стаўбцоўскім і Чэрыкаўскім раёнах [5, 6]. У Верхнядзвінскім раёне (наваколле г.п. Асвея) трапляецца блізкая да сярэднеэўрапейскай раса - ядрушка густакветкавая - Subsp. densiflora (Wahl.) Camus [7]. Раней ядрушка даўгарогая траплялася ў наваколлях Горадні, Менска, Халопенічаў, Нясвіжа, Барысава, Воршы і на тэрыторыі былога Слонімскага павета [8].
Месцы росту. Саснякі мшыстыя і верасовыя, другасныя беразнякі, пераходныя асакова-сфагнавыя балоты, сырыя лугі, лясныя паляны і ўзлескі.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, гідрамеліярацыя і водапаніжэнне, перавыпас жывёлы ў лясах і на лугах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін, пашкоджванне дзікімі капытнымі жывёламі).
Культываванне. У Беларусі не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы, гідралагічным заказніку «Дзікае», паляўнічым заказніку «Чачэрскі» і спецыялізаваных батанічных заказніках «Некасецкі», «Чырванашвабскі» і «Пекалінскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх неахоўных месцах росту, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Вынаеў (асаб. павед.); 8. Пачоский, 1900.

І.Швец

Паведаміць пра недакладнасьць