Тайнік яйкападобны (Listera ovata (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі таежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўднёвай мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім і тоўстым карэнішчам з густа пасаджанымі шнурападобнымі каранямі і прамым, у ніжняй частцы голым, вышэй лісця залозіста апушаным сцяблом вышынёй 25-60 см. Лісце даўжынёй 6-15 см, парнае, сядзячае, супраціўнае, шырокаяйкападобнае, з сцеблаабдымнымі асновамі і бураватымі похвамі, глянцавае; на верхавінцы сцябла 1-3 маленькія рэдукаваныя лісцікі. Прыкветнікі яйкападобна-ланцэтныя, завостраныя. Кветкі дробныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, на скручаных залозіставаласістых кветаножках, сабраныя ў шматкветкавую гронку. Лісцікі калякветніка складзены ў шлем, губа амаль да сярэдзіны надрэзана на 2 лінейна-падоўжныя лопасці, звісае ўніз. Плод - сухая каробачка, якая растрэскваецца [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае, зрэдку - насеннае. Мае біялагічнае прыстасаванне для перакрыжаванага апылення [2].
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна, практычна па ўсёй тэрыторыі краіны. Адзначаны ў Бярозаўскім, Верхнядзвінскім, Вілейскім, Валожынскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Жыткавіцкім, Лепельскім, Лагойскім, Менскім, Маладэчанскім, Мядзельскім, Полацкім, Пружанскім, Пухавіцкім, Расонскім, Свіслацкім, Стаўбцоўскім, Столінскім, Чэрыкаўскім, Шумілінскім і некаторых іншых раёнах [4-6]. Раней адзначаўся таксама для наваколляў Горадні, Астраўца, Нясвіжа, Лоева, Рагачова, Жлобіна, шэрага пунктаў Воранаўскага, Ганцавіцкага, Іванаўскага, Мазырскага, Пінскага і Слонімскага раёнаў [7-9].
Месцы росту. Сырыя лісцевыя і мяшаныя лясы, лясныя паляны, нізінныя лугі, парослыя хмызняком, ускрайкі балот і вакол крыніц.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі або невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах і на лугах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, а таксама ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры», паляўнічых заказніках «Асвейскі», «Налібоцкая пушча», азёрных заказніках «Глыбокае-Чарбамысла», «Белае», спецыялізаваным батанічным заказніку мясцовага значэння «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх неахоўных месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне неспрыяльных антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 4, 1935; 2. Флора БССР, т. 1, 1949; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Флора Налибокской пущи, 1980; 7. Пачоский, 1900; 8. Mowsczowicz, 1937; 9. Михайловская, 1953.

І.Швец

Паведаміць пра недакладнасьць