Лілея кучаравая (царскія кучары) (Lilium martagon L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і тэхнічная (фарбавальная) расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з залаціста-жоўтай лускаватай цыбулінай і прамым голым аблісцелым сцяблом вышынёй 30-80 см. Лісце шырокаланцэтнае, з абодвух канцоў звужана, у сярэдняй частцы сцябла сабрана ў кальчакі, у верхняй - чаргаванае. Кветкі даволі буйныя, брудна-ружовыя з цёмнымі плямамі, паніклыя, сабраны ў рэдкую гронку. Калякветнік з 6 прадаўгаватых, тупых, дугападобна адагнутых назад лісцікаў. Плод - шасцігранная шматнасенная зваротнаяйкападобная каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход [2, 3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі [4].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы, радзей саснякі і ельнікі з ляшчынай у падлеску.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі, батанічным садзе БДУ, у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. У культуры з 1305 г. Роданачальнік многіх садовых форм і гібрыдаў.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [5], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай і Налібоцкай пушчах, некаторых спецыялізаваных батанічных і іншых заказніках.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах масавага росту, выяўленне новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Ахоўныя расліны..., 1983; 5. Моисеева, 1967; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Семярэнка

Паведаміць пра недакладнасьць