Хара грубая (Chara rudis A.Br., 1862)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Харавыя (Characeae)

Статус. IV катэгорыя. Адносна рэдкі від, пашырэнне якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Актыўна ўдзельнічае ў біялагічнай ачыстцы і фармаванні якасці вады. Выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах. Зараснікі хары - месца нерасцілішча рыб, месцазнаходжанне лічынак насякомых і іншых беспазваночных жывёл, субстрат для перыфітону. Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Слаявіна (талом) вышынёй 10-50 см, падзелена на вузлы і міжвузеллі накшталт сцябла, лісця і каранёў, з добра развітай правільна двухпалоснай карой. Да дна прымацоўваецца рызоідамі. Звычайна белавата-зялёная. Сцябло моцнае, да 1,2 мм у дыяметры, з добра развітымі каўбасападобнымі, на канцы звужанымі, пераважна парнымі, коравымі шыпамі, размешчанымі вертыкальна адзін над другім. Кальчакі складаюцца з 6-11 так званых лісцікаў з прыліснікамі, якія ўтвараюць двухрадковы венчык, па 2 пары на кожны ліст, звычайна даўжэйшы за шыпы. Аагоніі эліпсоідныя, спіральна-счэрчаныя з шчыльнай каронкай, якая складаецца з пяцігранных клетак. Ааспоры цёмна-карычневыя, рабрыстыя, з кіпцюрыкамі або кошыкам каля асновы. Антэрыдыі драбнейшыя за аагоніі і апярэджваюць іх у развіцці [1].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомная расліна. Мужчынскія (антэрыдыі) і жаночыя (аагоніі) органы размнажэння развіваюцца на ўсіх лісцевых вузлах, акрамя апошняга, аагоніі размяшчаюцца над антэрыдыямі. Размнажаецца вегетатыўна - укараненнем бакавых парасткаў слаявіны з іх далейшым адчляненнем ад мацярынскай расліны, а таксама з дапамогай клубеньчыкаў, якія ўтвараюцца на рызоідах або на паглыбленых у грунт ніжніх частках сцябла [1].
Пашырэнне. Паўсюдна, акрамя Антарктыды [1]. У Беларусі адзначана ў Мядзельскім (азёры Нарач, Ячмянёк, Глубля), Браслаўскім (азёры Валасо Паўночнае, Валасо Паўднёвае) і Ўшацкім (воз. Крывое) раёнах [2, 3].
Месцы росту. У прэсных чыстых водах, пераважна ў азёрах, зрэдку ў слаба праточнай вадзе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі ў чыстай асацыяцыі або разам з іншымі харавымі водарасцямі і вышэйшымі воднымі раслінамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Эўтрафіраванне вадаёмаў, механічнае знішчэнне раслін пры прамысловай лоўлі рыбы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, правядзенне мерапрыемстваў, якія перашкаджаюць эўтрафікацыі вадаёмаў.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 5, 1986; 3. Парфенов, 1989.

Т.Міхеева

Паведаміць пра недакладнасьць