Пармелія адагнутая (Parmelia revoluta Flk., 1815)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae)

Статус. II катэгорыя. Адносна рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы від субакіянічнай флоры трацічнага перыяду [1]. Арэал рэзка скарачаецца і від знікае ў многіх краінах Цэнтральнай Эўропы [2-5].
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, часта з дрэнна развітымі сегментамі, невыразна разеткападобная, дыяметрам 4-10 см, амаль скурыстая. Лопасці шырынёй 3-6 мм, часта плоскія або ўвагнутыя, узыходныя, на канцах загінаюцца ўніз. Верхняя паверхня слаявіны свінцова-шэрая, больш цёмная ў цэнтры, з сарэдыямі; ніжняя - ад бурага да амаль чорнага колеру, па перыферыі бледна-жоўта-карычневая, бліскучая, з густымі чорнымі рызінамі, якія не даходзяць да краёў лопасцей. Саралі цёмна-шэрыя, карычневыя або аліўкавыя, галоўчатыя. Апатэцыі трапляюцца вельмі рэдка. Кара слаявіны ад K заўсёды жаўцее; ад C і KC чырванее, ад P жаўцее [6]. Утрымлівае атранарын і гірафоравую кіслату.
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўропа, Азія, Амерыка, Аўстралія, Палінезія, Новая Зеландыя [6]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Белавежскай пушчы [7-9], а таксама ў Маларыцкім [9], Столінскім, Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [8], Расонскім, Жыткавіцкім і Лельчыцкім (Прыпяцкі запаведнік) [7], Мядзельскім (заказнікі «Блакітныя азёры» і «Чарэмшыца») [7-9], Вілейскім раёнах.
Месцы росту. Расце на старых замшэлых ствалах вольхі чорнай, радзей на іншых лісцевых дрэвах у старых і забалочаных чорнаальховых лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія парушаюць гідралагічны рэжым месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніках, ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры» і гідралагічным заказніку «Чарэмшыца».
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў у Маларыцкім, Столінскім, Вілейскім і Расонскім раёнах, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Motyka, 1960; 3. Пишут, 1982; 4. Tobolewski, 1979; 5. Cieśliński, Czyżewska, Fabiszewski, 1986; 6. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 7. Голубков, 1985; 8. Голубков, 1986; 9. Голубков, 1987.

У.Галубкоў

Паведаміць пра недакладнасьць