Лабарыя лёгачная (Lobaria pulmonaria (L.) Hoffm., 1796)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes) парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Лабарыевыя (Lobariaceae)

Статус. III катэгорыя. Адносна рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі прадстаўнік немаральнага элементу ліхенафлоры Беларусі. Можа выкарыстоўвацца як араматычная расліна, у народнай медыцыне - як сродак супраць лёгачных захворванняў [1].
Кароткае апісанне. Слаявіна шырынёй 10-30 см, буйналопасцевая з выемчата-абрубленымі краямі лопасцей. Верхняя паверхня слаявіны карычневая, часта з зеленаватым або аліўкавым адценнем, сеткавата-рабрыстая. Сарэдыі акруглыя, бугрыстыя, развіваюцца на рэбрах верхняга боку лопасцей або па іх краях, часам прарастаюць у палачкападобныя ізідыі. Ніжняя паверхня слаявіны карычняватая, з розным адценнем; выпуклыя часткі звычайна голыя, а жалабкі паміж уздуццямі пакрыты пушком і рызоідамі. Апатэцыі дыяметрам 2-5 мм, развіваюцца не часта, размяшчаюцца на рэбрах або па краях лопасцей. Слаявіна ўтрымлівае сціктавую, норсціктавую і коннарсціктавую кіслоты [2], ад P і K становіцца аранжавай [3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна і аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўразія (большая частка лясной зоны, горныя раёны), Паўночная Амерыка, поўдзень Афрыкі, заходнія ціхаакіянскія астравы, Аўстралія [3-5]. У Беларусі знойдзена ў Белавежскай пушчы [6], у Лунінецкім, Ганцавіцкім, Лепельскім раёнах (Бярэзінскі запаведнік) [7], Аршанскім, Сенненскім, Шумілінскім [8], Талачынскім, Буда-Кашалёўскім [9], Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік), Наваградскім (заказнік «Свіцязянскі»), Менскім [10, 11], Мядзельскім (заказнік «Блакітныя азёры») [12], Нясвіжскім [13], Магілеўскім і Асіповіцкім [10, 14] раёнах.
Месцы росту. Расце ў старых шыракалістых лясах на ствалах дубу, ясеню, грабу і іншых шыракалістых дрэў. Аддае перавагу лесу з павышанай вільготнасцю паветра.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або адзіночнымі экземплярамі з дрэнна развітымі сегментамі слаявіны, без апатэцыяў (у стэрыльнай форме).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка шыракалістых лясоў, гідрамеліярацыйныя работы, забруджванне паветранага асяроддзя, збіранне як лекавай сыравіны..
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніках, ландшафтных заказніках «Блакітныя азёры» і «Свіцязянскі».
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджанне забруджвання паветра ў месцах росту, выяўленне новых месцаў росту, забарона збору лішайніка.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Вайнштейн, 1982; 3. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 4. Окснер, 1956; 5. Макрый, 1988; 6. Голубков, 1987; 7. Горбач, Машенкова, 1967; 8. Крейер, 1913; 9. Высоцкий, Савич, Савич, 1925; 10. Савич, 1925; 11. Окснер, 1924; 12. Голубков, Шуканов, 1983; 13. Горбач, 1961; 14. Савич, 1924.

У.Галубкоў

Паведаміць пра недакладнасьць