Адукацыя (ад лац. educatio - выхаванне), працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навучальных установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане адукацыя - гэта культурна-адукацыйная прастора, якая ахоплівае сям'ю, разнастайныя навучальна-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сацыяльна-педагагічную інфармаструктуру, адукацыйныя працэсы на вытворчасці і ў грамадска-культурным жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафесійна-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Беларуская нацыянальная сістэма адукацыі ўключае агульную, прафесійную адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб'ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць агульную адукацыю (пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні), прафесійную адукацыю (дапрафесійная арыентацыя, адбор, сярэдняя прафесійная падрыхтоўка), вышэйшую адукацыю (падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры) і адукацыю дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная; паводле адносін да царквы - свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная, якую кантралюе царква. Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнародным і нацыянальным стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.

Дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей; нацыянальна-культурная аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусветны ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фізічнага ўдасканалення; дэмакратызм; свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзяржаўных навучальных установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё народнай педагогікі беларусаў; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Галоўныя мэты нацыянальнай сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцей; фармаванне і ўмацаванне нацыянальнай свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзяржаўнай мовай і мовамі іншых народаў; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культурна-гістарычных каштоўнасцей беларускага народа і іншых нацыянальных супольнасцей краіны; падрыхтоўка да самастойнага жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы. Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафесійнай адукацыі з улікам нацыянальных традыцый, індывідуальных патрэб, здольнасцей; бясплатным навучаннем у дзяржаўных базавых школах, а таксама іншых навучальных установах. Нацыянальная сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных, таленавітых дзяцей і ажыццяўляе сацыяльную дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем'яў, з разумовымі ці фізічнымі недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў.

Паведаміць пра недакладнасьць