Асветніцтва, грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт навукі і розуму, імкнуліся падпарадкаваць ідэальнаму разумнаму пачатку грамадскі і дзяржаўны лад, норавы і звычаі людзей. Пачалося і найбольшае пашырэнне мела ў 18 ст. ў Францыі, дзе мысліцелі-асветнікі Вальтэр, Ж.Ж.Русо, П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый выступалі за ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народа на аснове «грамадскага дагавору», за арганізацыю навучання і выхавання дзяцей з улікам іх здольнасцей. Увагу да побыту і нораваў народа, зацікаўленасць у раскрыцці яго творчых магчымасцей выказвалі Дж.Лок, Ф.Бэкан, Дж.Свіфт, Д.Дэфо (Англія), У.Акоста, Б.Спіноза (Галандыя), Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ (Германія) і інш. У Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Расеі, Індыі, Кітаі, краінах Блізкага і Сярэдняга Ўсходу ідэалогія Асветніцтва была цесна звязана з нацыянальна-вызваленчай барацьбой, ажыццяўленнем дэмакратычных ідэалаў і свабодалюбівых памкненняў народаў. Высокія ідэалы, этычныя і эстэтычныя ідэі Асветніцтва паўсюдна знайшлі адлюстраванне ў розных кірунках літаратуры, выяўленчага і музычнага мастацтва (класіцызм, рэалізм, сентыменталізм, барока).

У Беларусі ідэйныя вытокі Асветніцтва бяруць пачатак у духоўна-культурным развіцці грамадства эпохі Адраджэння, у творчасці мысліцеляў канца 17 - пачатку 18 ст. (К.Лышчынскі, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч, Ф.Пракаповіч і інш.). Прадстаўнікі ранняга перыяду Асветніцтва (Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш.) сцвярджалі гуманістычныя ідэі павагі да чалавека, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці. Гісторык-асветнік А.Нарушэвіч адводзіў розуму галоўную ролю ў гістарычным працэсе, а прадметам навуковага даследавання лічыў не толькі дзеянні кіраўнікоў і военачальнікаў, але і жыццё простага народа. Г.Каніскі прапагандаваў неабходнасць усталявання ў краіне парадку і законнасці, крытыкаваў духоўнае ўбоства тых, хто меў уладу. М.Матушэвіч у сваіх творах асуджаў самавольства пануючых класаў, абараняў чалавечую годнасць простых людзей. Фізіякраты (Г.Млоцкі, М.Страйноўскі, І.Храптовіч і інш.) разглядалі грамадства як натуральны арганізм, што складае частку прыроды; лічылі, што адыход чалавека ад разумных законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. П.Бжастоўскі, М.Карповіч, І.Яленскі развівалі тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сацыяльна-ўтапічныя ідэі. Для пашырэння ідэй Асветніцтва ў Беларусі шмат зрабіла Камісія народнай адукацыі Рэчы Паспалітай (Адукацыйная камісія), якая, па сутнасці, была першым у Эўропе міністэрствам асветы, а таксама выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта, народных навучальняў. Прагрэсіўныя асветніцкія тэндэнцыі адлюстраваны ў літаратуры і мастацтве, кнігавыдавецкай, культурна-асветнай і навукова-педагагічнай дзейнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць