Біялагічнае і сацыяльнае. Чалавека звычайна разглядаюць у двух розных вымярэннях яго існавання - біялагічным і сацыяльным. Вылучаюць таксама і псіхічны ўзровень вымярэння чалавечага быцця. Біялагічнае праяўляецца ў марфалогіі (будова чалавека), фізіялогіі (функцыянаванне яго сістэм і органаў), генетычных працэсах (спадчынныя змены ў арганізме). Але чалавек валодае духоўным светам. На базе асэнсаваных і неўсвядомленых працэсаў (воля, памяць, характар і г.д.) фармуюцца мысленне і свядомасць. Гэтыя два паняцці характарызуюць якасную спецыфіку і ўзаемадзеянне двух арганічна звязаных узроўняў развіцця матэрыі: жывой прыроды і чалавечага грамадства. Арганізм і асоба - дзве непадзельныя сутнасці чалавека. Цялесная арганізацыя чалавека разглядаецца як матэрыяльны субстрат асобы, яе матэрыяльная аснова, над якой, як над фундаментам, узвышаецца псіхасацыяльная арганізацыя асобы. Вымярэнне чалавека з двух бакоў - біялагічнага і сацыяльнага - мае філасофскі сэнс менавіта ў адносінах да асобы. Біялагічнае ў чалавеку прадвызначаецца, дэтэрмінуецца галоўным чынам спадчынным (генетычным) механізмам. Сацыяльнае абумоўлена спецыфікай уваходжання чалавека ў культурна-гістарычны працэс развіцця грамадства. Як жа ўжываюцца, аб'ядноўваюцца ў чалавеку гэтыя два пачаткі? Працяглая эвалюцыя змяніла біялогію чалавека, вызначальнай перадумовай станаўлення чалавека была праца. З'явіўшыся на свет істотай біялагічнай, чалавек развівае ва ўмовах сацыяльнага асяроддзя свае анатама-фізіялагічныя сістэмы, індывідуальныя таленты, патэнцыяльныя здольнасці, закладзеныя ў выглядзе спадчынных задаткаў. Развіваючыся ва ўмовах поўнай ізаляцыі ад грамадства чалавек ніколі не стане асобай. Толькі ў грамадстве чалавек можа развіць сваю сапраўдную прыроду.

Паведаміць пра недакладнасьць