Ваенна-прамысловы комплекс (ВПК). Гэта сукупнасць прадпрыемстваў па вытворчасці ваеннай тэхнікі, мілітарызаванай навукі, кіраўніцтва ўзброеных сіл і пэўных структур дзяржаўнага апарату краіны.

ВПК пачаў інтэнсіўна развівацца пасля 2-й сусветнай вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння дзвюх сусветных сістэм на чале з США і СССР і ўзмацненнем «халоднай вайны». У канцы 1980-х г. у сферы ваеннай вытворчасці ў свеце было занята каля 30 млн. чалавек і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзброеных сілах, каля 500 тыс. вучоных займалася ваенна-навуковымі даследаваннямі. За 1987-1991 у ЗША на ваенныя мэты выдаткавана 1,8 трыльёна даляраў. Не менш магутны ВПК меў і былы СССР. Толькі на тэрыторыі Беларусі на яго працавала больш як 100 прадпрыемстваў - пераважна радыёэлектроннай прамысловасці і прыладабудавання. ВПК быў «кузняй» гонкі ўзбраенняў, асновай мілітарызацыі эканомікі. Пасля распаду СССР, сусветнай сацыялістычнай сістэмы і яе ваеннага блоку (Варшаўскага Дагавора) на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія - перавод іх на выпуск мірнай прадукцыі. Але гэты комплекс па-ранейшаму выпускае вялікую колькасць узбраенняў як для ўзброенных сіл сваіх краін, так і для ваеннага бізнесу.

Паведаміць пра недакладнасьць