Веды. Вырашэнне простых жыццёвых праблем і спасціжэнне глыбінных асноў быцця непарыўна звязана і залежыць ад пэўных ведаў. Веды - гэта вынік пазнання прадметаў і з'яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей - ідэй (Платон) або формаў (Арыстоцель) ад невыразнага і няўстойлівага свету з'яў. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання «абсалютнага, сусветнага духа». Рацыянальныя элементы гэтага падыходу развівалі прадстаўнікі дыялектычнага матэрыялізму, якія ўяўлялі веды як прадукт гістарычнага развіцця ўсіх формаў практычнага і духоўнага засваення свету. Адрозніваюць веды данавуковыя, якія абапіраюцца на здаровы сэнс і зводзяцца толькі да канстатацыі фактаў, і навуковыя, што ўзнімаюцца да іх тлумачэння і глыбокага асэнсавання. Навуковыя веды ў сваю чаргу падзяляюцца на эмпірычныя і тэарэтычныя, абстрактныя і канкрэтныя. У розныя перыяды гісторыі чалавецтва ўзніклі і працягваюць уздзейнічаць на грамадскую свядомасць міфалагічныя веды, мастацкія, рэлігійныя і іншыя (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Правілы і нормы грамадскіх паводзін, умельствы і навыкі перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная народная творчасць, сямейнае выхаванне і інш.). Веды чалавек набывае ў школе, ВНУ, у практычнай дзейнасці. Роля ведаў расце ў сувязі з камп'ютэрызацыяй усіх сфер вытворчай і духоўна-культурнай дзейнасці. У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафесійных ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі і практычнага выкарыстання атрыманых ведаў, засваення вышэйшых дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры, агульначалавечых каштоўнасцей.

Паведаміць пра недакладнасьць