Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Воля, свядомая самарэгуляцыя суб'ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты; дадатковыя стымулы, створаныя суб'ектам да знешніх ці ўнутраных дзеянняў, якія не маюць дастатковай матывацыі. Як маральна-псіхалагічная якасць воля сфармавалася ў працэсе працоўнай дзейнасці пры пераўтварэнні чалавекам прыроды. Калі чалавек не мае свядомых мэт, імкненняў і інтарэсаў, то яго паводзіны не выходзяць за межы інстынктыўнага дзеяння, абумоўленага рэфлексамі, яго воля не праяўляецца. Калі чалавек усведамляе свае патрэбы, але не ў стане іх ацаніць, параўноўваючы з грамадскімі каштоўнасцямі, то і ў гэтым выпадку не гавораць аб праяўленні волі. Воля існуе і выяўляецца тады, калі чалавек робіць выбар паміж рознымі варыянтамі ўчынкаў, калі ён у стане самастойна выбіраць варыянт дзеяння, калі ён пераадольвае перашкоды і лічыць сябе вольным у выбары і прыняцці рашэнняў, здольны ацэньваць свае ўчынкі і несці адказнасць за прыняцце рашэнняў. Яна праяўляецца ў такіх якасцях чалавека, як настойлівасць, цвёрдасць характару, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, рашучасць, смеласць, мужнасць, уменне валодаць сабой у самых складаных сітуацыях. Важныя рысы волі - яе самабытнасць, незалежнасць, свабода. Чалавек адчувае сябе больш вольным тады, калі на яго ў меншай ступені ўздзейнічаюць знешнія сілы. Маральны бок волі звязаны з гуманнымі, грамадска значнымі матывамі дзеянняў. Валявы чалавек той, хто асабістыя інтарэсы ўзгадняе з грамадскімі, хто імкнецца да высакародных мэт і дасягае іх, пераадольвае любыя перашкоды ў імя грамадскага і ўласнага дабрабыту.

У філасофіі воля трактуецца як здольнасць да выбару мэты дзейнасці і ўнутраных намаганняў, неабходных для яе здзяйснення. Не любое свядомае дзеянне, нават звязанае з пераадоленнем перашкод на шляху да мэты, з'яўляецца валявым. У ідэалістычнай філасофіі воля трактуецца або як звышнатуральная з'ява, або як нічым не абумоўленая здольнасць чалавека выбіраць і здзяйсняць неабходныя дзеянні; як абсалютна аўтаномная, не залежная ад вонкавых фактараў катэгорыя, якая сама сябе вызначае. Матэрыялістычная філасофія лічыць, што воля мае прычыннавыніковую абумоўленасць, звязана са спадчыннасцю, генетычнай памяццю. На волю ўздзейнічае асяроддзе, выхаванне, якія здольны карэктаваць спадчынную інфармацыю і гэтым садзейнічаць перадачы новым пакаленням палепшанай спадчыннасці. Валявыя паводзіны яна разглядае як абумоўленыя сістэмай грамадскіх адносін і ўнутраным характарам чалавека. Воля - важны фактар самавыхавання асобы, які вызначае паводзіны і характар чалавека.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2021