Гора. «Гора ды бяда з кім не была» - гаворыць народная мудрасць. Гора прыносіць душэўны боль і пакуты. Невыпадкова слова «гора» паходзіць ад дзеяслова «гарэць» - тое, што «пячэ, мучыць». Нават у самыя спрыяльныя гістарычныя перыяды ў асабістым жыцці людзей будуць не толькі радасці, дасягненні, шчаслівыя імгненні, а і гора: хвароба і смерць блізкіх, страта сяброў, цяжкія канфлікты і няўдачы, няздзейсненыя жыццёвыя планы і г.д. У тым, як чалавек пераносіць сваё і суперажывае чужое гора, праяўляюцца яго адносіны да дабра і зла, разуменне сэнсу жыцця, ацэнка сябе і свайго месца ў жыцці, павага да іншых людзей.

Непераадольныя жыццёвыя сітуацыі ўспрымаюцца як цяжкі, але натуральны ход падзей. Пакуты непазбежна будуць больш моцныя, калі чалавек адчувае віну за тое, што ён мог бы прадухіліць няшчасце, змяніць штосьці ў лепшы бок, але гэтага не зрабіў. Псіхолагам вядома, што смерць блізкага чалавека найбольш балюча перажываюць тыя, хто не выканаў якіх-небудзь абавязкаў перад памерлым. Не рабі сваімі дзеяннямі болю, абразы, цяжкіх перажыванняў іншым людзям - і ты зменшыш цяжар магчымага ўласнага гора. Перажыванне свайго гора з годнасцю патрабуе ад чалавека не толькі мужнасці і стойкасці, але і пэўных псіхалагічных навыкаў. Трэба навучыцца жыць без таго, што назаўсёды страчана, не зламацца пад цяжарам перажыванняў, а годна ахоўваць памяць аб перажытым, з удзячнасцю помніць пра тое добрае, што забрала з сабой гора і адраджаць гэта добрае ўсім сваім жыццём. Высокамаральны чалавек здольны адчуць і чужое гора, зразумець таго, хто пакутуе, дапамагчы яму. Навучыцца адчуваць, разумець і дзяліць чужое гора - высакародная, але цяжкая задача. Калі чалавек будзе помніць, што гора, якое дзеляць з табой іншыя людзі, - гэта палова гора, калі ён будзе імкнуцца зразумець, аблегчыць пакуты іншых, то і гора ў нашым жыцці стане меней. Народны пісьменнік Беларусі А.Макаёнак пісаў: «І гора - паўгора, калі людзі разам».

Паведаміць пра недакладнасьць