Доблесць, паняцце маралі, якое характарызуе гераічныя самаадданыя справы і ўчынкі людзей, што здзяйсняюцца ў імя высакароднай мэты. Слова паходзіць ад стараславянскага «добль» - храбры. У беларускай мове яго сінонімамі з'яўляюцца смеласць, храбрасць, бясстрашнасць, адважнасць, рашучасць, мужнасць, гераізм. З гэтым словам асацыіруюцца подзвігі казачных волатаў, гістарычных асоб, палкоў і нават народаў, якія вялі барацьбу супраць іншаземных захопнікаў за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы. Сімвалам доблесці і славы продкаў у свядомасці ўдзячных нашчадкаў з'яўляюцца Грунвальдская бітва, абарона Берасцейскай крэпасці, мноства гераічных падзей у гады Другой сусветнай вайны. Доблесныя ўчынкі людзі здзяйсняюць найчасцей у экстрэмальных умовах. У крытычнай сітуацыі слабы духам можа разгубіцца, а рашучы і смелы чалавек з моцнай воляй здольны пераадолець страх і разгубленасць.

Праяўляецца доблесць і ў мірны час. У залежнасці ад гэтага і формы яе праяўлення будуць рознымі (у ваенных абставінах - гэта найчасцей подзвіг-імгненне, у мірных - працяглы ў часе, напрыклад у касманаўтыцы), але сутнасць у іх адна: выкананне «звышзадачы», рашучае пераадоленне перашкод і цяжкасцей, самаадданасць і гераізм. Доблеснымі могуць лічыцца як асобныя ўчынкі чалавека, так і ўсё яго жыццё. Аднак доблеснымі з'яўляюцца толькі тыя ўчынкі і справы, што здзяйсняюцца ў імя высакароднай мэты і з выкарыстаннем сродкаў, якія не супярэчаць агульначалавечым прынцыпам маралі і гуманізму.

Паведаміць пра недакладнасьць