Дыяспара. У перакладзе з грэчаскай мовы гэты тэрмін абазначае «рассейванне». У адносінах да народа (этнічнай супольнасці) гэта тая яго частка, якая знаходзіцца па-за межамі краіны паходжання. Утвараецца дыяспара з прычыны прымусовага высялення, пагрозы генацыду, пад уплывам эканамічных ці геаграфічных фактараў. Першапачаткова гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў адносінах да жыдоў, якія вымушаны былі жыць па-за межамі Палесціны пасля іх выгнання адтуль у пачатку 6 ст. да н.э.

Паводле неафіцыйных звестак, па-за межамі Беларусі ў пачатку 1990-х г. жыло да 3,5 млн. беларусаў. З іх каля 500 тыс. - у ЗША, каля 100 тыс. - у Канадзе, дзесяткі тысяч - у Аргенціне, Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў Англіі і Аўстраліі. У асноўным гэта перасяленцы канца 19 - пачатку 20 ст., бежанцы 1-й сусветнай вайны, палітычная эміграцыя пасля Кастрычніцкага перавароту. У выніку 2-й сусветнай вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіраваліся на ўсход і толькі трэць з іх вярнуліся назад. Многа грамадзян Беларусі вывезена на работы ў Германію ці ў ліку ваеннапалонных апынулася за мяжой. Прыкладна 250-400 тыс. беларусаў засталіся ў Польшчы пасля перадачы ў яе склад Беласточчыны. Больш за 2,1 млн. беларусаў апынуліся за мяжой (у былых саюзных рэспубліках) пасля распаду СССР, найбольш у Расеі (каля 1 млн. 200 тыс.), на Ўкраіне (440 тыс.), у Казахстане (183 тыс.), Латвіі (160 тыс.), Летуве (60 тыс.).

Беларуская дыяспара захоўвае нацыянальныя традыцыі і свядомасць. Гэтаму спрыяюць рэлігійныя ўстановы, згуртаванні беларусаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, моладзевыя і іншыя арганізацыі. На беларускай мове там выдаюцца перыядычныя выданні, у тым ліку газеты «Беларус», «Бацькаўшчына». Беларускія суполкі і таварыствы ўзніклі і ў новых незалежных краінах блізкага замежжа.

Сусветную вядомасць набылі цэнтры навукова-культурнага жыцця беларускай дыяспары: Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Ангельска-беларускае таварыства, бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, інстытут беларусазнаўства і беларускі музей у Ляймене (Германія) і інш. З асяроддзя замежных беларусаў выйшла шмат вядомых людзей у розных галінах навукі, мастацтва, грамадскага жыцця, рэвалюцыйнага руху. Беларуская дыяспара аказвае сваёй Бацькаўшчыне дапамогу ў ліквідацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы.

У пасляваенны час для сувязі з беларускай дыяспарай створаны беларуская секцыя савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму», Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом, выдаецца газета «Голас Радзімы». З 1990 дзейнічае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», па ініцыятыве якога і пры падтрымцы ўрада Беларусі праведзены Першы сход беларусаў блізкага замежжа (1992) і Першы з'езд беларусаў свету (1993). Прынята дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце» (1993), а пры ўрадзе Беларусі створаны каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары.

Паведаміць пра недакладнасьць