Інтэрнацыяналізм, палітыка і практыка, ідэалогія і псіхалогія міжнароднага ўзаемадзеяння і салідарнасці розных краін, нацый, сацыяльных груп, арганізацый, палітычных партый, рухаў і асобных людзей на аснове супадзення іх карэнных інтарэсаў і мэт. Да апошняга часу інтэрнацыяналізм тлумачыўся звычайна з вузкапартыйных, «звышкласавых» пазіцый як уласцівасць, характэрная толькі пралетарыяту і яго партыям. Так, інтэрнацыяналізм па-рознаму ўвасабляецца ў жыццядзейнасці розных класаў. І ў гэтым плане інтэрнацыяналізм рабочых адрозніваецца ад інтэрнацыяналізму сялян ці буржуазіі. Але інтэрнацыяналізм - з'ява, выкліканая аб'ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі жыцця ўсяго чалавецтва на ўсіх узроўнях. У сучасным свеце праяўленнем інтэрнацыяналізму розных сацыяльна-палітычных груп з'яўляецца міждзяржаўная і міжнацыянальная інтэграцыя. Сёння, калі ў развіцці чалавецтва на першы план вылучаюцца агульначалавечыя інтарэсы і каштоўнасці, інтэрнацыяналізм закліканы аб'яднаць на інтэрнацыянальнай аснове самыя розныя сацыяльныя і палітычныя сілы ў барацьбе за выжыванне чалавецтва, сцвярджэнне прынцыпаў і ідэалаў дэмакратыі і гуманізму ва ўсім свеце.

Паведаміць пра недакладнасьць