Кансерватызм (франц. conservatisme ад лац. conserv - ахоўваю, захоўваю), палітычная ідэалогія, арыентаваная на захаванне і падтрыманне формаў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, у першую чаргу маральна-прававых яго асноў, увасобленых у нацыі, рэлігіі, шлюбе, сям'і, уласнасці. Тэрмін «кансерватызм» уведзены французскім пісьменнікам Ф.Шатабрыянам. Адрозніваюць тры разнавіднасці кансерватыўнай ідэалогіі: традыцыяналізм, лібералізм, неакансерватызм. Традыцыяналізм абапіраецца на неабходнасць захавання сацыяльных асноў і маральных традыцый, уласцівых класічнаму рыначнаму капіталізму ці нават феадалізму, так званых «старых добрых часоў» (Э.Бёрк, Л.Банальд і інш.). Лібералізм выступае за неабмежаваную свабоду індывіда, разглядае калектывізм як шлях да рабства (Ф.Хайек, Дж.Дж.Рауль, Р.Позік). Неакансерватызм адстойвае ідэі грамадскага развіцця, гістарычнай, сацыяльнай і палітычнай актыўнасці чалавека, дэмакратызацыі палітыкі і сацыяльных адносін. Тэорыя самастойнай развітай асобы, здольнай адказваць за сябе, дабівацца поспехаў без надзеі на пратэкцыю каго-небудзь, была своеасабліва трансфармавана сучасным кансерватызмам у звужэнне сацыяльных гарантый. Кансерватызм можна трактаваць і як настрой думак, уласцівы даволі шырокім грамадскім групам і асобным індывідам. Ён характарызуецца прыхільнасцю да традыцый, стабільнасці, упарадкаванасці. Найвышэйшымі каштоўнасцямі для кансерватызму з'яўляюцца разважлівасць і дысцыплінаванасць.

На ўзроўні палітычнай крытыкі кансерватызм - гэта праграмны курс Кансерватыўнай партыі ў Вялікабрытаніі, галісцкай у Францыі, хрысціянска-дэмакратычных партый у іншых краінах Эўропы. Кансерватыўнае крыло існуе ў Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыях ЗША.

Паведаміць пра недакладнасьць