Канстытуцыя (ад лац. constitutio - устанаўленне), асноўны закон дзяржавы. Вызначае грамадскі і дзяржаўны лад, парадак і прынцыпы стварэння прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады, выбарчую сістэму і прававое становішча асобы, парадак арганізацыі, кампетэнцыю органаў улады і кіравання, арганізацыю і асноўныя прынцыпы правасуддзя. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнанні з усімі іншымі нарматыўна-прававымі актамі пэўнай нацыянальнай прававой сістэмы. Існуе некалькі спосабаў прыняцця Канстытуцыі. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, які можна лічыць адной з першых канстытуцый, быў зацверджаны вялікім князем Жыгімонтам III. Асноўны закон ЗША 1787 ратыфікаваны канстытуцыйнымі канвентамі штатаў. Канстытуцыі Італіі і Індыі ўхвалены ўстаноўчымі сходамі. Праекты Канстытуцыі Францыі (1958), Грэцыі (1975), Гішпаніі (1978) былі вынесены на рэферэндум (народнае галасаванне). Па форме Канстытуцыі падзяляюцца на пісаныя і няпісаныя - складзеныя з шэрагу парламенцкіх законаў і судовых прэцэдэнтаў (напр., Канстытуцыя Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі). Для захавання стабільнасці Канстытуцыі прадугледжаны больш складаны, чым для прыняцця звычайных парламенцкіх законаў, механізм унясення паправак. Канстытуцыя Беларусі прынята на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання 15.03.1994 і ўступіла ў сілу з дня яе апублікавання. 24.11.1996 па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Беларусі 1994. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996.

Паведаміць пра недакладнасьць