Канфедэрацыя (ад позналац. confoederatio - саюз, аб'яднанне), форма міждзяржаўнага аб'яднання, пры якой дзяржавы - суб'екты канфедэрацыі ўтвараюць пастаянны саюз для каардынацыі сваёй дзейнасці ў пэўных сферах, поўнасцю захоўваючы сваю незалежнасць. Часам паняцце «канфедэрацыя» выкарыстоўваюць і ў арганізацыйным плане, для абазначэння аб'яднання розных больш або менш самастойных грамадска-палітычных арганізацый (напр., канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў). У адрозненне ад дзяржаўнай федэрацыі канфедэрацыя дзяржаў больш слабае, менш цеснае аб'яднанне, якое ўяўляе сабой не адну новую суверэнную дзяржаву, а больш або менш устойлівую сукупнасць дзяржаў, аб'яднаных для ўзгаднення і сумеснага ажыццяўлення пэўных абмежаваных мэт, функцый і задач, часцей за ўсё ваенных, знешнепалітычных, мытных і інш. Канфедэрацыя звычайна не мае адзінага грамадзянства, адзінай прававой сістэмы. Кожны суб'ект канфедэрацыі мае ўласныя суверэнныя дзяржаўныя органы, а органы канфедэрацыі, як правіла, складаюцца з прадстаўнікоў яе суб'ектаў. Гістарычна канфедэрацыя звычайна папярэднічала федэрацыі і з'яўлялася пераходнай формай да яе поўнай раздробленасці. Так, канфедэрацыяй былі Злучаныя Штаты Амерыкі да 1787, Швейцарыя да 1848, Нідэрланды да 1795, Германія да 1867. У сучасным свеце канфедэрацыя не мае прыкметнага распаўсюджвання.

Паведаміць пра недакладнасьць