Канфлікт (ад лац. conflictus - сутыкненне). У аснове любога канфлікту ляжыць сітуацыя, якая вынікае з супярэчлівых пазіцый бакоў, процілеглых мэт ці сродкаў іх дасягнення, несупадзення інтарэсаў, жаданняў, прыхільнасці апанентаў і да т.п. Такім чынам, канфлікт - гэта сутыкненне процілегла накіраваных мэт, інтарэсаў, пазіцый, меркаванняў або поглядаў апанентаў ці суб'ектаў узаемадзеяння. Аднак, каб канфлікт пачаў развівацца, неабходны інцыдэнт, калі адзін з бакоў пачынае дзейнічаць і ўшчамляць інтарэсы другога боку. Суб'ектамі канфлікту могуць быць і адна асоба і некалькі. У залежнасці ад канфліктнай сітуацыі могуць быць унутрыасабовыя, міжасабовыя, міжгрупавыя, міжарганізацыйныя, класавыя, міжнацыянальныя, міждзяржаўныя канфлікты. Пры канфліктных сітуацыях назіраецца розная стратэгія паводзін; саперніцтва (суправаджаецца адкрытай барацьбой за свае інтарэсы), супрацоўніцтва (пошук рашэння, якое задавальняе інтарэсы ўсіх бакоў), кампраміс (урэгуляванне рознагалоссяў праз узаемныя ўступкі), пазбяганне (імкненне выйсці з канфліктнай сітуацыі без яе вырашэння, не ўступаючы свайго, але і не настойваючы на сваім), прыстасоўванне, канфармізм (тэндэнцыя згладзіць супярэчнасці, адступіўшыся ад сваіх інтарэсаў). Абагульненае выяўленне гэтай стратэгіі паводзін характарызуюць як карпаратыўнасць (адасобленасць) і настойлівасць.

Пры аналізе канфлікту самая цяжкая праблема - правільна вызначыць яго прычыны, вытокі. Часта здараецца, што ўдзельнікі канфліктаў забываюцца пра сапраўдныя прычыны. Многія канфлікты як бы «перадаюцца ў спадчыну», пераходзяць да новых удзельнікаў, адрываюцца ад дзелавой асновы, абрастаюць прадузятасцю, прымхамі, правакуюць насцярожанасць, варожасць ва ўзаемаадносінах і тады, калі іх прычын ужо даўно не існуе. Тыповай і пашыранай памылкай з'яўляецца імкненне як найхутчэй пагасіць інцыдэнт, «загнаць канфлікт унутр». У такіх выпадках канфліктная сітуацыя правакуе новыя ўскосныя і скрытыя формы проціборства, уцягвае ў яго новых удзельнікаў. Ліквідаваць канфлікт - гэта значыць вырашыць супярэчнасць у дзейнасці ці адносінах людзей.

Паведаміць пра недакладнасьць