Касмалогія (ад грэч. kosmos - сусвет + logos - слова, навука). Касмалагічныя ўяленні (часцей у фантастычнай форме) праявіліся ўжо ў глыбокай старажытнасці, калі чалавек рабіў першыя спробы зразумець свет і сваё месца ў ім. Яны былі пастаянным элементам першабытных вераванняў, міфаў, рытуалаў. З назапашваннем ведаў і назіранняў, станаўленнем філасофскага мыслення складваюцца перадумовы рацыянальнага тлумачэння будовы свету. У эпоху антычнасці распрацавана першая тэарэтычная (матэматычная) мадэль Сусвету - геацэнтрычная сістэма свету (Пталамей). Яна ўяўляла сабой космас у выглядзе нерухомай Зямлі, размешчанай у цэнтры Сусвету, вакол яе - Сонца, Месяц, планеты і зоркі. Геацэнтрызм быў агульнапрынятай касмалагічнай дактрынай і для ўсяго сярэднявечча. Толькі ў 16 ст. польскі вучоны М.Капернік на аснове вылічэння залежнасці паміж бачнымі рухамі планет і Сонца сфармуляваў геліяцэнтрычную канцэпцыю будовы Сусвету. У хуткім часе яна была пацверджана астранамічнымі назіраннямі і разлікамі Г.Галілея. Дапоўненая вывадам Дж.Бруна пра бясконцасць Сусвету і адсутнасць у ім цэнтра, гэтая канцэпцыя стала асновай рэвалюцыі і ў астраноміі, і ў светапоглядзе людзей.

З адкрыццём закону сусветнага прыцягнення касмалогія стала фізічнай навукай, якая разглядае Сусвет як сістэму ўзаемадзеючых мас, што кіруецца гэтым усеагульным законам прыроды. Выяўленыя пры гэтым цяжкасці (т.зв. «касмалагічныя парадоксы») патрабавалі пошукаў па-за рамкамі класічнай механікі. Сучасная рэлятывісцкая касмалогія вырашыла іх на аснове агульнай тэорыі адноснасці А.Эйнштэйна і дадзеных пазагалактычнай астраноміі. Яе прынцыпы былі сфармуляваны ў 1920-я г. савецкім вучоным А.Фрыдманам і інш., якія прапанавалі тэорыю Сусвету, што расшыраецца. Пацвярджаюць гэтую тэорыю адкрытыя законы чырвонага зрушэння (1929, Э.Хабл) і т.зв. рэліктавага выпрамянення (1965). Сучасная касмалогія - гэта навука пра Сусвет як адзінае, цэласнае матэрыяльнае ўтварэнне і пра сукупнасць даступных астранамічнаму назіранню касмічных сістэм як часткі гэтага цэлага; раздзел астраноміі. У ёй усё большае значэнне набывае ядзерная фізіка і фізіка элементарных часцінак. Яна імкнецца растлумачыць сучасны стан бачнай часткі Сусвету як вынік заканамерных працэсаў, што адбыліся за першапачатковым выбухам, які стаў пунктам адліку яе гісторыі (10-20 млрд. гадоў назад). Развіццё касмалогіі дае адказы на многія пытанні эвалюцыі і стану сучаснай карціны Сусвету. Разам з тым касмалогія не мае навуковых звестак для адказу на шэраг прынцыповых пытанняў: якая прырода выбуху; ці будзе пашырэнне працягвацца бясконца, ці зменіцца сцісканнем; бязмежная прастора Сусвету замкнутая ці адкрытая, і г.д.

Паведаміць пра недакладнасьць