Лідэрства (ад англ. leader - вядучы, кіраўнік). Практычна ў любым відзе дзейнасці сярод канкрэтнай групы асоб вылучаецца найбольш аўтарытэтная, здольная ўздзейнічаць на іншых, аб'ядноўваць у сумеснай дзейнасці. Лідэр - гэта індывід, які валодае найбольш ярка выяўленымі якасцямі, яго дзейнасць больш прадукцыйная, і за ім пэўная супольнасць прызнае права на прыняцце рашэнняў. Аўтарытэт лідэра найчасцей заснаваны на здольнасці згуртоўваць, аб'ядноўваць іншых для дасягнення групавой мэты. Такая асоба незалежна ад стылю лідэрства (аўтарытарнага або дэмакратычнага) рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы ў міжгрупавых зносінах, уплывае на фармаванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей і ў некаторых выпадках сімвалізуе іх. Такім чынам, лідэрства - гэта адзін з механізмаў інтэграцыі групавой дзейнасці, калі індывід або частка сацыяльнай групы аб'ядноўвае, накіроўвае дзеянні ўсёй групы, якая прымае і падтрымлівае дзеянні лідэра. Адрозніваюць фармальнае лідэрства, якое вынікае з устаноўленых правіл прызначэння кіраўніка, і нефармальнае лідэрства, што ўзнікае на аснове асабістых адносін удзельнікаў. Асаблівы від уяўляе лідэрства палітычнае як з'ява палітычнага і грамадскага жыцця, звязаная з ажыццяўленнем функцый улады. Кожнаму гістарычнаму этапу грамадскага развіцця, кожнаму класу ўласцівы свае метады фармавання, выхавання і вылучэння лідэраў, арганізацыі лідэрства.

Паведаміць пра недакладнасьць