Магія (лац. magia ад грэч. mageia - чарадзейства), абрады, таямнічыя дзеянні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на з'явы прыроды, людзей, духаў. У Старажытнай Грэцыі магіяй называлі таямнічыя дзеянні, звязаныя з астралогіяй, гаданнем і народнай медыцынай. Неаплатонікі і неапіфагарыйцы яшчэ адрознівалі магію ад чарадзейства. У 3 ст. яе сталі разумець як чарадзейства. У такім значэнні гэтае паняцце дайшло да нашых дзён. У старажытнасці магічную практыку падзялялі на вытворчую (абрады выклікання дажджу, садзейнічанне паспяховаму паляванню), лячэбную (белая магія), шкодную (пасыланне сурокаў - чорная магія) і інш. Элементы магіі ўласцівыя абрадам усіх рэлігій. Магічныя ўяўленні пра свет, пра ўзаемасувязь усіх рэчаў далі штуршок развіццю алхіміі, натурфіласофіі і розных «тайных вучэнняў», пашыраных у сярэднявеччы. У сувязі з магіяй развівалася вопытнае прыродазнаўства (працы Дж. дэла Порта, Дж.Кардана, Парацэльса і інш.). Да нашага часу магія захавалася галоўным чынам на бытавым узроўні ў выглядзе веры ў замовы, у псаванне і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць