Маркетынг (англ. marketing ад market - рынак, збыт), сістэма кіравання вытворча-збытавай дзейнасцю прадпрыемстваў і фірмаў, якая грунтуецца на комплексным аналізе рынку. Узнікла на пачатку 20 ст. ў ЗША. Пашырэнне набыла ў 1950-1960-я г. ў сувязі з абвастрэннем праблем збыту і выкарыстаннем новых, т.зв. «няцэнавых метадаў канкурэнтнай барацьбы» (рэклама, канкурэнцыя якасці і інш.). Мэта маркетынгу - стварэнне ўмоў для прыстасавання вытворчасці да грамадскага попыту, патрабаванняў рынку, распрацоўка комплексу ўзаемаўзгодненых арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па вывучэнні рынку, інтэнсіфікацыі збыту, павышэнні канкурэнтаздольнасці тавараў. У функцыі маркетынгу ўваходзяць: вывучэнне попыту і пытанняў цэнаўтварэння; рэклама і стымуляванне попыту; прагназаванне таварнага асартыменту, збыту і гандлёвых аперацый; дзейнасць, звязаная з захоўваннем, транспарціроўкай тавараў, кіраваннем гандлёва-камерцыйным персаналам, арганізацыяй абслугоўвання спажыўцоў. На аснове аналізу рынку, яго тэндэнцый, вывучэння спажывецкіх звычак, тэрытарыяльных, сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцей попыту на прадукцыю фірмы служба маркетынгу складае праграму вытворчасці гэтай фірмы. Потым на аснове комплекснага вывучэння рынку (усіх яго аспектаў, уключаючы аналіз вытворчасці і рыначнай палітыкі фірм-канкурэнтаў) і з улікам праграмы вытворчасці распрацоўваецца праграма маркетынгу, асноўная задача якой - вызначэнне агульных прынцыпаў стратэгіі канкурэнтных паводзін фірмы на рынку збыту. Гэтая праграма з'яўляецца аператыўным планам дзейнасці для ўсіх падраздзяленняў і службаў маркетынгу. Разам з гэтым актыўна і мэтанакіравана выкарыстоўваецца як традыцыйны метад інтэнсіфікацыі збыту - рэклама, так і новыя - выстаўкі-продажы, сістэма дадатковых паслуг, ільгот і прэмій пакупнікам і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць