Масонства (франкмасонства; ад франц. franc macon - вольны муляр), рэлігійна-этычны рух, згуртаванне тайных арганізацый якога прэтэндуе на аб'яднанне ўсяго чалавецтва на аснове «брацтва». Узнікла ў пачатку 18 ст. ў Вялікабрытаніі, пашырылася ў многіх краінах, у тым ліку Расейскай імперыі. Назва, арганізацыя (ложы), іерархія, сімвалы і іншыя традыцыі запазычаны ад сярэднявечных цэхаў (брацтваў) будаўнікоў-муляраў, якія ў той час будавалі цэрквы, замкі, крэпасці і жылі ў часовых памяшканнях - ложах (ад англ. lodge), а таксама часткова і ад сярэднявечных рыцарскіх містычных ордэнаў. Масоны імкнуліся стварыць тайную сусветную арганізацыю з мэтай мірнага аб'яднання чалавецтва ў брацкім саюзе. Лічачы Бога найвялікшым архітэктарам, масонства дапускае вызнанне любой рэлігіі, прымальныя любыя палітычныя структуры, калі ў іх прызнаецца важнасць маральнага выхавання людзей. Яго палітычныя арыентацыі неадназначны. У Амерыцы, Англіі, Швецыі, у меншай ступені ў Германіі і Францыі масонства санкцыянавала «ахоўныя» функцыі дзяржавы і падтрымлівала ўладныя структуры. Рэвалюцыйны патэнцыял масонства выяўляўся пераважна ва «ўскраінных» краінах: Польшчы (ілюмінатары), Італіі (карбанарыі), Расеі (тут яны былі звязаны з дзекабрыстамі), Лацінскай Амерыцы (большасць лідэраў барацьбы за незалежнасць было масонамі). Статус палітычных функцый і мэт масонства ў дастатковай ступені не вызначаны. Рэальны ўплыў яго часта перабольшваецца, што часам з'яўляецца крыніцай неверагодных чутак пра магутнасць гэтага руху.

Паведаміць пра недакладнасьць