Матэрыялізм (франц. matérialisme ад лац. materialis - рэчыўны). У працэсе практычнага асваення навакольнага свету людзі не толькі змянілі ўмовы свайго існавання, але і паступова вызваляліся ад прывідаў, надзеленых звышнатуральнай здольнасцю кіраваць прыродным і сацыяльным жыццём. Накопленыя веды фармавалі рацыянальнае мысленне чалавека. З пераходам ад міфалагічнага да філасофскага спосабу светаўспрымання, заснаванага на натуральным і прычынным тлумачэнні рэальнасці, узнікаюць і самыя розныя формы матэрыялістычных поглядаў. Думка пра існаванне рэчыўнай першаасновы рэальнасці прывяла да прызнання першапачатковасці, першаснасці прыроды ў адносінах да духоўнага жыцця чалавека. Філосафы падзяліліся на 2 лагеры - матэрыялістычны (першааснова матэрыя) і ідэалістычны (першааснова дух). Матэрыялізм -процілеглы ідэалізму навуковы філасофскі кірунак, які ў рашэнні асноўнага пытання філасофіі ідзе ад таго, што прырода, быццё і матэрыя - першасныя, а свядомасць, мысленне і дух - другасныя. Адрозніваюць 3 формы матэрыялізму: стыхійны, прыродазнаўчанавуковы і філасофскі. Асноўныя гістарычныя формы філасофскага матэрыялізму: наіўны (быў пашыраны ў старажытных краінах Усходу, Грэцыі і Рыме), метафізічны (механістычны, характэрны для 17 - пач. 19 ст.), дыялектычны і гістарычны. Разглядаючы розум як форму адлюстравання рэчаіснасці, матэрыялізм абгрунтоўвае пазнавальнасць прыроды, магчымасць пранікнення ў глыбіню матэрыі.

Паведаміць пра недакладнасьць