Мацярынства. Мацярынства (як і бацькоўства) мае біялагічны, агульнасацыяльны і прававы бакі. З прававога пункту гледжання мацярынства існуе, калі ёсць адпаведныя дакументы. Звычайна гэта актавы запіс і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, у якія заносяцца звесткі пра маці. З юрыдычна пацверджанага мацярынства вынікаюць яе правы і абавязкі адносна дзіцяці. Маці (як і бацька) мае права патрабаваць вяртання дзіцяці ад любой асобы, якая трымае яго ў сябе не на падставе закону або судовага рашэння. У пэўных выпадках маці можа быць пазбаўлена правоў адносна дзіцяці.

У Беларусі мацярынства карыстаецца пашанай і ўвагай, абараняецца і заахвочваецца дзяржавай. Для жанчын ствараюцца ўмовы, якія даюць ім магчымасць спалучаць работу з мацярынствам, забяспечваюцца прававая абарона, матэрыяльная і маральная падтрымка. Ахова маці і дзіцяці прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі, заканадаўствам аб шлюбе і сям'і, законамі аб працы і іншымі нарматыўнымі актамі. Для аховы здароўя маці і дзіцяці працуе шырокая сетка жаночых кансультацый, радзільных дамоў, ясляў, дзіцячых садоў і іншых устаноў. У час цяжарнасці і родаў жанчына атрымлівае водпуск з выплатай дапамогі па сацыяльным страхаванні, выплатай у сувязі з нараджэннем дзіцяці і дапамогай на час догляду за хворым дзіцем і інш. Мнагадзетныя маці маюць дадатковыя прывілеі; устаноўлена вышэйшая ступень адзнакі мацярынства - ордэн Маці для жанчыны, якая нарадзіла і выхавала 5 і больш дзяцей.

Паведаміць пра недакладнасьць