Мода (франц. mode ад лац. modus - мера, вобраз). Моднае - гэта складанае спалучэнне новага са старым. Крыніцай новага з'яўляецца творчасць. Зачаткі новага мастак бачыць у самім жыцці, у адносінах людзей, іх паўсядзённых зносінах. Інтуіцыя і разлік, добрыя веды мінулага і адчуванне сучаснасці дазваляюць у «фантазіях» моды ўбачыць будучы вобраз прадмета прасторавага асяроддзя, знешняе аблічча і манеру паводзін. Актыўную ролю ў механізме моды выконвае перайманне. Штуршком да змены моды часта служаць гістарычныя падзеі, але таксама мода здольная ўплываць на звычаі, норавы і нават выклікаць пазітыўныя зрухі ў маралі. Мода - шматбаковая сацыяльная з'ява, якая ўяўляе сабой зменлівую форму стандартызаваных масавых паводзін, што ўзнікаюць пад уздзеяннем сацыяльна-гістарычных фактараў, псіхалагічна абумоўленых настрояў і думак; яна адыгрывае актыўную ролю ў грамадстве, фармуе некаторыя сацыяльныя пачуцці, параджае ідэі ў сферы паўсядзённай і сістэматызаванай свядомасці, выхоўвае чалавека ў духу таго ці іншага ладу жыцця.

Галоўная сфера моды - побыт (адзенне, абутак, харчаванне, захапленні і інш.). Масавая мода вызначаецца прадукцыяй прамысловай вытворчасці. Сучасная мода бярэ сваё натхненне з розных крыніц народнай культуры, нацыянальнага касцюма, адзення розных эпох, з жывапісу, літаратуры, музыкі. Існуюць самыя розныя стылі: фальклорны, рамантычны, класічны, спартыўны, дзелавы, авангардны, рэтра, жаночы і нават касмічны. Спецыялісты лічаць, што псіхалогія сучаснай моды праяўляецца ў імкненні падабацца кожнаму паасобку і быць зручнай усім. Модным і сучасным заўсёды выглядае той чалавек, які гатовы ўспрыняць новае, але не схільны рабіць з моды ідала, страціць сваё ўласнае аблічча. Слова «мода» ўжываецца таксама для абазначэння нетрывалай папулярнасці, якая хутка праходзіць.

Паведаміць пра недакладнасьць