Навука. Практычна кожны чалавек разумее, што ён жыве ў эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу і што развіццё грамадства і ўвогуле прагрэс немагчымы без навукі. Людзі часта карыстаюцца гэтым словам, нават займаюцца якой-небудзь навуковай дзейнасцю, але не заўсёды задумваюцца над пытаннем, што такое навука. А з'ява гэтая вельмі складаная, таму існуюць розныя падыходы да яе разумення. Навука - гэта і сістэма ведаў пра навакольны свет, і сфера чалавечай дзейнасці, і з'ява культуры, і форма свядомасці, і сацыяльны інстытут грамадства. Найбольш пашыраны погляд на навуку як на сукупнасць сістэматызаваных аб'ектыўных ведаў пра навакольны свет і нас саміх. Навуковыя веды з'явіліся ў старажытныя часы. Яны былі абумоўлены рознымі вытворча-практычнымі патрэбамі (развіццём земляробства, будаўніцтва, мараплавання, ваеннай справы і г.д.) і прыходзілі на змену міфалагічнаму тлумачэнню з'яў прыроды. У сярэднія вякі і асабліва ў новы час, калі настаў перыяд доследнага прыродазнаўства, навуковыя веды набылі форму больш строгай тэарэтычнай сістэматызацыі, з'явілася магчымасць абгрунтаванага тлумачэння законаў прыроды і грамадства. З 17-18 ст. навука арганізоўваецца як сацыяльны інстытут: ствараюцца навуковыя грамадствы, установы, акадэміі, выдаюцца адпаведныя часопісы. У 19-20 ст. узнікаюць буйныя навукова-даследчыя цэнтры, інстытуты і лабараторыі з моцнай тэхнічнай базай, што наблізіла навуковую дзейнасць да высока арганізаванай індустрыяльнай працы.

Развіццю навукі ўласцівы камулятыўны характар: новыя веды, калі яны не супярэчаць тэарэтычным сістэмам, якія існуюць, уваходзяць неад'емнай часткай у агульны навуковы фонд. Але ў гісторыі навукі бываюць і такія перыяды, калі новыя факты нельга растлумачыць, ідучы ад «старых» тэорый. У выніку такой крызіснай сітуацыі ў навуцы бывае т.зв. «навуковая рэвалюцыя» - змена тэарэтычных сістэм, што існуюць, новымі, якія маюць больш высокі тлумачальны і эўрыстычны патэнцыял. Сістэму навук увогуле падзяляюць на прыродазнаўчыя, тэхнічныя, гуманітарныя і грамадскія навукі. Па сваёй накіраванасці і практычных функцыях навуку звычайна падзяляюць на фундаментальную, якая займаецца даследаваннем асноўных заканамернасцей прыроды і грамадства, і прыкладную, якая выкарыстоўвае вынікі фундаментальных навук для вырашэння канкрэтных сацыяльна-практычных задач. У нашай краіне арганізацыяй і правядзеннем навуковых даследаванняў займаюцца НАН Беларусі, галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, універсітэты і іншыя навучальныя ўстановы.

Паведаміць пра недакладнасьць