Прынцыповасць (ад лац. principium - аснова, першапачатак). Паводзіны чалавека вызначаюцца пэўнай мэтай, якую ён імкнецца дасягнуць. Калі асоба характарызуецца паслядоўнасцю сваіх учынкаў, здольнасцю быць адданай пэўнай ідэі, сваім перакананням, то такога чалавека называюць прынцыповым. Прынцыповасць - гэта дадатная маральная якасць, якая характарызуе паводзіны і дзеянні асобы, заснаваныя на характары і змесце пэўных прынцыпаў. Яна абазначае адданасць пэўнай ідэі, паслядоўнае яе ажыццяўленне, устойлівасць сацыяльных арыентацый, цвёрдасць перакананняў і адпаведную ім дзейнасць. Прынцыпы павінны мець гуманны характар і адпавядаць агульначалавечым каштоўнасцям. Але прынцыповасць сама па сабе не дае ўяўлення пра маральнае аблічча чалавека. Яна характарызуе толькі форму яго маральнай свядомасці (унутраную перакананасць) і спосаб паводзін (паслядоўнасць), не закранаючы грамадскай накіраванасці. Прынцыповасць неабходна адрозніваць ад фанатызму, дагматызму і звычайнай упартасці. Прынцыповасць абараняе чалавека ад негатыўных уплываў і настрояў, надае ўпэўненасць ў праваце сваёй справы. Чалавек не можа жыць нармальна, развіваць і ўдасканальваць свае задаткі, калі ён не мае яснай мэты і ўзвышанага ідэалу. Яснасць мэты і прынцыповасць значна павялічваюць фізічныя і духоўныя магчымасці чалавека. Яны з'яўляюцца асновай сілы духу, маральнай устойлівасці, мэтанакіраванасці, самаадданасці і гераізму.

Паведаміць пра недакладнасьць