Сацыяльная структура, сукупнасць устойлівых формаў сацыяльных груп і суполак, а таксама сацыяльных інстытутаў і ўзаемадзеянняў паміж імі. Механізм існавання і развіцця сацыяльнай структуры мае карані і вытокі ў сістэме сацыяльнай дзейнасці людзей. Каб існаваць і задавальняць свае патрэбы, дасягаць сваіх мэт у канкрэтным сацыяльным і прыродным асяроддзі, людзі ўступаюць у пэўныя грамадскія адносіны, аб'ядноўваюцца ў суполкі, падзяляюць паміж сабой розныя сацыяльныя функцыі - вытворчыя, асветніцкія, выхаваўчыя, кіраўнічыя і г.д. Найбольш важнае значэнне для фармавання розных аб'яднанняў людзей мае грамадскі падзел працы як найбольш істотная крыніца сацыяльных адрозненняў індывідаў і груп. Існуе 6 асноўных крытэрыяў і адзнак дыферэнцыяцыі людзей па сацыяльных слаях і групах: дадзеная чалавеку ад нараджэння (этнічная прыналежнасць - беларус, эстонец, француз і г.д., або роднасныя сувязі - бацька, маці, сын і інш.); што залежыць ад уласнасці - прадпрымальнік - рабочы, багаты - бедны і г.д.; ад прафесійных роляў - інжынер, рабочы, афіцэр і г.д.; абумоўленыя доступам да ўлады - прэзідэнт, мэр горада, просты грамадзянін і інш.; вызначаныя ўзроўнем адукацыі ці ведаў - чалавек з вышэйшай адукацыяй, з сярэдняй, непісьменны і г.д.; абумоўленыя рэлігійнай ці рытуальнай прыналежнасцю - праваслаўны, католік, няверуючы, варажбіт і інш. З улікам гэтых крытэрыяў тэрмін «сацыяльная структура» ахоплівае мноства структурных кампанентаў: сацыяльна-класавыя, сацыяльна-этнічныя, сацыяльна-прафесійныя; сацыяльна-рэлігійныя, сацыяльна-культурныя. У склад сацыяльнай структуры ўваходзяць асноўныя элементы, г.зн. масавыя сацыяльныя групы, - рабочыя, сяляне, беларусы ці ўкраінцы, а таксама субэлементы - малаколькасныя суполкі (напрыклад, у складзе інтэлігенцыі - інжынеры, навукоўцы, мастакі і г.д.). Такім чынам, сутнасць сацыяльнай структуры - гэта размежаванне людзей па сацыяльных пазіцыях, якія ранжыруюцца па ступенях сацыяльнага ўплыву і прэстыжу. Тыя, хто знаходзяцца на «ніжніх» сацыяльных пазіцыях, імкнуцца да больш прэстыжных, уплывовых і атрымаць тым самым адпаведныя сацыяльныя прывілеі - даход, уладу, культурныя рэсурсы і г.д. Таму сацыяльная структура дынамічная, што праяўляецца ў сацыяльнай стратыфікацыі і сацыяльнай мабільнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць