Смерць і бяссмерце. Праблема смерці і бяссмерця турбавала чалавека з глыбокай старажытнасці. Неразуменне прычын смерці, сну і іншых фізіялагічных з'яў прывялі да ўзнікнення стыхійнага анімізму (вучэння пра душу). У розных рэлігіях душы прыпісвалі пэўны знешні выгляд, па-рознаму вызначалася і месца яе знаходжання. На аснове веры ў перасяленне душы пасля смерці чалавека ў іншы свет узнікла пахавальнае ахвярапрынашэнне (разам са знатнымі людзьмі хавалі іх слуг, рабоў). Да нашых дзён дайшоў звычай пакідаць ежу і пітво для памерлых на магілах. Вучэнне Сакрата, Платона і Арыстоцеля пра бяссмерце душы змякчала трагізм смерці, а потым у пераўтвораным выглядзе было ўспрынята хрысціянствам. Вера ў бяссмерце душы існуе ў розных мадыфікацыях практычна ва ўсіх рэлігіях. Таму ў замагільны свет людзі пераносілі ўсё тое, што яны хацелі б мець, але не мелі ў гэтым жыцці. Смерць - спыненне жыццядзейнасці арганізма, натуральны канец усякай жывой істоты. Па сваёй прыродзе смерць - чыста фізіялагічны акт, які закранае толькі чалавечае цела і ніяк не чапае чалавечыя справы, яго душы. Таму чалавек пасля смерці застаецца жыць у выніках сваіх дзеянняў, у творчых здзяйсненнях, у памяці наступных пакаленняў, і ў гэтым знаходзіць сваё ўвасабленне сапраўднае (сацыяльнае) яго бяссмерце.

Паведаміць пра недакладнасьць