Страх у псіхалогіі, адмоўныя эмоцыі ў сітуацыі рэальнай ці ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобы, каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і г.д.). Адрозніваюць эмпірычны страх-боязь, які выклікаецца канкрэтным прадметам ці абставінамі, і неакрэслены, неўсвядомлены страх-туга - метафізічны страх, прадметам якога з'яўляецца «нішто» і які абумоўлены тым, што чалавек нявечны і ведае пра гэта. Як філасофскае паняцце і адно з асноўных паняццяў экзістэнцыялізму ўведзена С.К'еркегорам. Нямецкі філосаф М.Хайдэгер лічыць, што страх адкрывае перад «экзістэнцыяй» (чалавечым існаваннем) і яе апошнюю магчымасць - смерць. Французскі заснавальнік экзістэнцыялізму Ж.П.Сартр тлумачыць яго як страх перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай. Ранні псіхааналіз (вучэнне З.Фройда пра бессвядомыя, псіхічныя працэсы і матывацыі) адрозніваў рацыянальны страх перад знешняй небяспекай і глыбінны, ірацыянальны страх, які трактаваўся як вынік неактуалізаваных жыццёвых імкненняў, прыгнечання няздзейсненых жаданняў. У сучасным неафрэйдызме страх трактуецца як усеагульны і рацыянальны стан, як галоўная крыніца неўрозаў. Шэраг тэорый паходжання рэлігіі, што бяруць пачатак у антычнасці (Дэмакрыт, Лукрэцый, у новы час - Д.Юм, П.Гольбах, Л.Феербах і інш.), разглядаюць пачуццё страху як прычыну ўзнікнення рэлігійных ўяўленняў і вераванняў.

Паведаміць пра недакладнасьць