Сэнс жыцця. Чалавек - істота разумная. Розум прымушае кожнага жыць і дзейнічаць асэнсавана: ставіць перад сабой мэты, вызначаць шляхі і спосабы іх дасягнення. На працягу ўсяго жыцця чалавек неаднаразова пытае сябе: хто я такі і для чаго прызначаны? Ці так, як трэба, жыву? Як жыць далей? Ці варта жыць увогуле? Усе гэтыя вечныя пытанні - праявы ўласнага пошуку сэнсу жыцця. Упершыню мы задаём сабе гэтыя пытанні ў перыяд самавызначэння «пошуку сябе» - у юнацкія гады, калі трэба выбіраць жыццёвы шлях. Яны ўзнікаюць і ў цяжкія моманты, у перыяды, калі чалавек незадаволены сваім жыццём, сваім лёсам і нават самім сабой. Менавіта тады і ўзнікае неабходнасць асэнсаваць уласнае жыццё і падумаць пра яго мэту і сэнс. Уяўленне пра сэнс жыцця ў кожнага чалавека сваё і ў значнай ступені залежыць ад яго светапогляду. Таму можна сказаць, што сэнс жыцця - гэта паняцце, якое арыентуе дзейнасць чалавека, зыходзячы з яго светапогляду, дзякуючы якому чалавек бачыць сваё жыццё як цэласны працэс, што накіраваны на дасягненне пэўнай мэты і рэгулюецца тымі каштоўнасцямі і нормамі грамадства, якія, на думку чалавека, з'яўляюцца найбольш значнымі для яго ўласнага месца ў жыцці. Гэта рэгулятыўнае паняцце дапамагае чалавеку выбраць жыццёвую мэту і сацыяльныя арыенціры. Аднак існуюць пэўныя гуманістычныя прынцыпы, на якіх грунтуецца сэнс жыцця: жыць не толькі для сябе, а прыносіць карысць людзям, каб пакінуць пасля сябе добры след.

Паведаміць пра недакладнасьць