Творчасць. У паўсядзённым ужытку слова «творчасць» часцей за ўсё звязваюць з галінамі мастацтва ці навукай. Але гэта паняцце больш шырокае, яно - неад'емная і спецыфічная якасць чалавека і адпавядае яго сутнасці. Крыніцы творчасці звязаны з разумовай грамадска-практычнай дзейнасцю людзей па мэтанакіраваным пераўтварэнні прыроды і грамадства, г.зн. з працай як асноўнай формай чалавечай дзейнасці. Творчасць - гэта дзейнасць, якая параджае нешта якасна новае, арыгінальнае, што не існавала раней. Чалавек можа ствараць толькі на аснове аб'ектыўных законаў рэчаіснасці. Сапраўдная творчая дзейнасць у любой сферы (навука, тэхніка, мастацтва) заўсёды адпавядае ідэалам, мэтам, патрэбам чалавека і чалавецтва. Па сваёй прыродзе творчасць бескарыслівая, несумяшчальная з эгаізмам і прызначана служыць людзям. Важнейшымі відамі і вынікамі творчасці з'яўляюцца адкрыцці, вынаходствы і мастацкая творчасць. У працэсе творчасці прымаюць удзел усе духоўныя сілы чалавека, адбываецца іх развіццё, чалавек пераўтварае не толькі навакольнае асяроддзе, але і самога сябе. Вышэйшай праявай творчых здольнасцей з'яўляюцца талент і геній.

Паведаміць пра недакладнасьць