Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Тэмперамент (ад лац. temperamentum - суадносіны частак, суразмернасць), заканамерныя суадносіны ўстойлівых індывідуальных асаблівасцей асобы, якія адлюстроўваюць розныя бакі яе псіхічнай дзейнасці і вызначаюць тэмп, рытм, інтэнсіўнасць тых ці іншых псіхічных працэсаў і станаў. Паняцце тэмпераменту ўвёў у навуку старажытнагрэчаскі лекар Гіпакрат (6 ст. да н.э.). Ён прапанаваў і абгрунтаваў 4 класічныя тыпы тэмпераменту: халерычны, сангвінічны, флегматычны і меланхалічны. Халерык характарызуецца павышанай узбуджальнасцю, рухавасцю, энергічнасцю, імгненнай рэакцыяй, гарачымі пачуццямі; пасля ўздыму актыўнасці ў яго настае дэпрэсія, упадак сіл. У халерыка няўстойлівы настрой; ён запальчывы, сябелюбівы, прамалінейны, дрэнна ўжываецца з іншымі, любіць быць лідэрам. Сангвінік характарызуецца зменлівымі настроямі, моцнымі пачуццямі і перажываннямі, актыўнай дзейнасцю і захопленасцю, але гэта працягваецца да таго часу, пакуль у яго ёсць цікавасць. Ён аптымістычны, дасціпны, разумны, лёгка знаёміцца з людзьмі, кантралюе свае эмоцыі, хутка прыстасоўваецца да новых абставін, лёгка паддаецца псіхічнаму ўздзеянню іншых. Сангвінік безадказны, любіць выхваляцца, імкнецца да верхавенства ў дружбе і каханні. Флегматык добра сябе паводзіць, пазбягае хуткіх і неабдуманых рашэнняў, павольна пераключаецца з аднаго віду дзейнасці на іншы, пасіўны, любіць парадак, пазбягае неабдуманых зносін і знаёмстваў, хоць лёгка прывыкае да новых умоў. Працуе павольна, работу выконвае добрасумленна. Ёсць у яго і недахопы: няўпэўненасць у сабе, разгубленасць у складаных сітуацыях, нізкая самаацэнка, празмерная падазронасць да іншых. Для меланхоліка характэрна высокая эмацыянальнасць, уражлівасць, спагадлівасць і лёгкая ранімасць; у экстрэмальных сітуацыях часта ўзнікаюць панічны стан, нуда, туга. Ён сарамлівы, баязлівы, нерашучы, балюча пераносіць няўдачы.

У чыстым выглядзе пэўны тып тэмпераменту сустракаецца вельмі рэдка, аднак у кожнага чалавека пераважаюць прыкметы пэўнага тыпу. Асноўныя кампаненты тэмпераменту - агульная актыўнасць чалавека, яго рухальныя праявы і эмацыянальнасць. Тэмперамент - асноўная рыса індывідуальных асаблівасцей паводзін чалавека, якая залежыць ад прыроджаных анатамафізіялагічных асаблівасцей, ад агульнага тыпу нервовай сістэмы. Разам з тым тэмперамент чалавека не прадвызначае маральнай ці сацыяльнай каштоўнасці яго як асобы. Ён не ўплывае на ўласцівасці характару, хоць паміж імі існуюць цесная сувязь і ўзаемазалежнасць.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2021