Фаталізм (ад лац. fatalis - наканаваны). У міфалагічным разуменні фаталізм разглядаўся як ідэя пра падуладнасць людзей і нават багоў няўмольнаму лёсу, чыё прадвызначэнне не дадзена прадугадаць чалавечаму розуму. У далейшым гэтыя фантастычныя тлумачэнні сталі крыніцай рэлігійна-тэалагічных уяўленняў пра непахіснасць волі ўсемагутнага бажаства. Найбольш поўнае тэалагічнае выяўленне фаталізм атрымаў у ісламе і ў пратэстанцкіх вучэннях (кальвінізм, янсенізм), дзе ў імя сцвярджэння абсалютнай божай улады над людзьмі цалкам адмаўляецца свабода волі чалавека, яго здольнасць штонебудзь змяніць у наканаваным яму небам жыццёвым лёсе. У суцэльную канцэпцыю фаталізм аформіўся на аснове метафізічнага тлумачэння прычыннасці, паводле якога моманты неабходнасці і выпадковасці ў матэрыяльных працэсах адарваны адзін ад аднаго.

Такім чынам, фаталізм - гэта светапоглядная канцэпцыя, паводле якой прыродныя і сацыяльныя працэсы, што адбываюцца ў рэчаіснасці, з'яўляюцца вынікам дзеяння абсалютнай неабходнасці (лёсу, сусветнага закону, «божай волі» і г.д.), якая ўсё прадвызначыла і не пакінула месца самавольству, выпадку, нечаканасці. З пункту погляду фаталізму чалавечае жыццё таксама ўплецена ў гэты непазбежны ход сусветных з'яў, безагаворачна падпарадкавана яму ва ўсіх сваіх праявах, і таму ўяўленні пра свабоду выбару чалавека, самастойнасць яго волі, творчае самавызначэнне ацэньваецца фаталістамі як суб'ектыўная ілюзія.

Ідэі фаталізму зарадзіліся ў старажытнасці ў форме атамістычнага дэтэрмінізму Дэмакрыта і вучэння стаіцызму пра панаванне над светам і чалавекам непазбежнага лёсу. Ідэалісты абгрунтоўвалі фаталістычныя погляды зыходзячы з прызнання першаснасці абсалютнага духоўнага першапачатку (прадвызначаная гармонія Г.Лейбніца, самапазнанне духа ў Г.Гегеля). У сістэмах механістычнага матэрыялізму (Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах) і прыродазнаўчанавуковага дэтэрмінізму (П.Лаплас) да фаталізму вяло атаясамліванне прычыннасці з неабходнасцю і на гэтай аснове адмаўленне існавання аб'ектыўнай выпадковасці. Поруч з «выгнаннем» усяго выпадковага з прыроднага і сацыяльнага быцця філасофскі фаталізм адмаўляў значэнне свабоднай дзейнасці людзей як сродку здзяйснення аб'ектыўнай неабходнасці, законаў, што праяўляюцца ў гістарычным працэсе. Гэта найбольш характэрна для ідэолагаў адміраючых класаў, якія скажона тлумачылі ломку ўстарэлых структур як усеагульнае «крушэнне свету», «гібель цывілізацыі» і г.д. Фаталістычны характар маюць і перакананні ў прадвызначальнасці і непазбежнасці «светлага камуністычнага будучага», непазбежнасці перамогі прагрэсу па-за сувязямі з мэтанакіраванай і асэнсаванай дзейнасцю гістарычна прагрэсіўных сіл. Любая форма дагматызацыі нават перадавых ідэй цягне за сабой адраджэнне фаталістычных забабонаў і звязаных з імі пасіўнасці, самазаспакоенасці, застойнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць