Чалавецтва. Нашу планету насяляе мноства розных нацый, народнасцей, плямён, якія адрозніваюцца ўзроўнем сацыяльнага развіцця і культурнымі традыцыямі, ладам жыцця і складам мыслення. Нягледзячы на адрозненні, кантрасты і антаганізмы, усіх жыхароў Зямлі аб'ядноўвае тое, што яны належаць да чалавечага роду. Гэта - адзінства паходжання і агульнасць асноў іх рэальнага існавання (сумеснае быццё, працоўная дзейнасць, мова, мысленне). Узаемаперапляценне матэрыяльных умоў жыцця народаў, усё большае разуменне агульначалавечых інтарэсаў і каштоўнасцей аб'ектыўна збліжаюць усіх людзей нашай планеты і дазваляюць сцвярджаць, што чалавецтва не проста народанасельніцтва Зямлі, але і новая сацыяльна-гістарычная супольнасць, галоўны суб'ект гістарычнага працэсу, носьбіт адзіных мэт грамадскага прагрэсу. Пры ўсёй сваёй супярэчнасці сучасны свет знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі, узаемазалежнасці і ўсё больш зарэкамендоўвае сябе як непарушная цэласнасць. Моцным паскаральнікам інтэграцыйных працэсаў у сусветным маштабе з'яўляюцца навукова-тэхнічны прагрэс, развіццё і ўніверсалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. На сучасным этапе народы, апынуўшыся ў аднолькавай ступені заложнікамі адных і тых жа глабальных пагроз, па-новаму асэнсоўваюць узаемасувязь свайго гістарычнага лёсу, карэнную патрэбу адзін у адным. Бо ў выніку ядзернай вайны, непапраўных парушэнняў экалагічнай раўнавагі, вычарпання абмежаваных прыродных рэсурсаў, бурнага і бескантрольнага развіцця вытворчых сіл на карту будзе пастаўлена будучыня ўсяго чалавецтва. Таму яно павінна будаваць свае адносіны па прынцыпах мірнага суіснавання, добрасуседства і супрацоўніцтва, шырокай кааперацыі намаганняў па пераадоленні агульных праблем, абмену дасягненнямі навукі і тэхнікі, каштоўнасцямі культуры і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць