Хоць у пятніцу. Уласна бел. Абазначае ‘у любы момант, у самы блізкі час’, ужыв. пры словах замуж, жаніць.

Хлапец мае семнаццаць гадоў (жаніць хоць у пятніцу можна), ды з падшывальцамі гешэфты вядзе. Куды гэта падобна! (Л.Калюга. Ні госць ні гаспадар).

Першапачатковы сэнс выразу - ‘хоць у той дзень, калі не дазвалялася спраўляць вяселле’. Вясельным днём была нядзеля. Пятніца з часоў язычніцтва лічылася нерабочым днём. Гэта традыцыя захоўвалася ў Беларусі доўгі час. Яшчэ ў канцы XIX ст., як сведчыць С.Максімаў, у пятніцу нельга было шыць, купаць дзяцей, мыць бялізну; «калі ў Велікарусі засталіся ў народнай памяці і ў пашане толькі тры пятніцы.., у Беларусі.. небяспечныя і страшныя ўсе пяцьдзесят дзве». «Хто ў пятніцу спявае, то ў нядзелю адплача» - народная прымета і перасцярога, занатаваная М.Федароўскім.

Паведаміць пра недакладнасьць